У алімпійскай чэмпіёнкі Ганны Гуськовай перад Алімпіядай памерла мама
«Яна выступала не ў найлепшым стане», — расказаў у інтэрв'ю Betnews былы трэнер нацыянальнай зборнай па фрыстайле Мікалай Казека.
Ганна Гуськова, фота НАК Беларусі
«Нядаўна быў на чэмпіянаце краіны ў Раўбічах. Пагаварыў з Ганнай Гуськовай. Мала хто ведае, але перад стартам на Гульнях у яе памерла маці, і яна выступала, зразумела, не ў найлепшым стане.
Не вельмі ўдалы першы скачок у фінале — яго, па ідэі, не павінна было быць. Каб трапіць у першую шасцёрку, якая будзе змагацца за медалі, трэба было ісці ва-банк — выконваць трайное сальта з двума піруэтамі. Толькі яно давала нейкі шанец. Але Аня зрабіла двайное і прадказальна выбыла з барацьбы за прызавыя месцы. Спрабую зразумець логіку. Яна, вядома, была — але чатырохгадовай даўніны, калі такая ж тактыка прынесла ёй поспех. У Пекіне суперніцы не змаглі выканаць свае трайныя, і Аня ўзяла срэбра», — расказаў Мікалай Казека.
Ён дадаў, што зараз дзяўчаты выдатна асвоілі трайныя сальта з трыма піруэтамі і выконваюць іх практычна ідэальна.
«Самае дрэннае, што пасля Гульняў у Пекіне не было дэталёвага разбору выступленняў, які ў мой час у нас заўсёды праводзіўся. На Гульнях-2022 дапусцілі некалькі тактычных памылак — і ў Мілане яны паўтарыліся. У камандным турніры наша зборная тады не трапіла ў фінальную чацвёрку з-за таго, што Ганна выконвала просты скачок — двайное сальта з двума піруэтамі. Ён нават не ўваходзіў у яе спаборніцкую праграму. Але зноў жа — разлічвалі трапіць у чацвёрку «малой крывёй». Аднак на Алімпіядзе так нельга — там трэба выкладвацца на поўную», — рэзюмаваў Мікалай Казека.
Ён таксама расказаў, што фрыстайлістка Аляксадра Раманоўская пасля траўмы вывучылася на айцішніцу.
«Саша Раманоўская, ведаю, вывучылася на айцішніцу, што мяне, шчыра кажучы, ні кропелькі не здзівіла. Яна заўсёды была разумнай і крэатыўнай дзяўчынай, вельмі моцнай, са стрыжнем унутры. Наогул, калі ўспамінаю тую каманду, у мяне сэрца проста спявае — толькі цяпер разумееш, наколькі тады мы былі моцныя. Лічу, практычна непераможныя», — дадаў легендарны трэнер.
Ганна Гуськова, Саша Раманоўская, Мікалай Казека. Фота: betnews.by
Мікалай Казека ўзначальваў нацыянальную зборную па фрыстайле з 1990‑х гадоў, і беларускія фрыстайлісты з кожнай Алімпіяды прывозілі медалі. У 2010 годзе Аляксей Грышын у Ванкуверы заваяваў золата, з Сочы-2014 Ала Цупер і Антон Кушнер прывезлі золата, Ганна Гуськова заваявала золата на Алімпіядзе-2018. Пасля падзей 2020 года, пасля таго як Мікалай Казека выступіў супраць гвалту, яго выгналі са зборнай. У 2026 годзе беларускія фрыстайлісты не заваявалі ніводнага медаля на Алімпіядзе.