БЕЛ Ł РУС

Польскі суд адобрыў экстрадыцыю вядомага расійскага археолага ва Украіну. Яго вінавацяць у незаконных раскопках у Крыме

18.03.2026 / 15:23

Nashaniva.com

Яго адвакат ужо рыхтуе апеляцыю, каб не дапусціць выдачы навукоўца.

Польскі суд дазволіў экстрадыцыю расійскага археолага Буцягіна з Польшчы ва Украіну. Апеляцыйны суд можа адмяніць або змяніць сённяшняе рашэнне — альбо адправіць справу на паўторны разгляд. Максімальны тэрмін арышту па справе аб экстрадыцыі — два гады, піша BBC.

Калі апеляцыйны суд адобрыць выдачу пецярбургскага археолага, справа ляжа на стол міністру юстыцыі Польшчы. За ім застаецца апошняе слова ў справах аб экстрадыцыі.

Аляксандр Буцягін — вядомы расійскі навуковец, супрацоўнік Дзяржаўнага Эрмітажа, які займае пасаду кіраўніка аддзела антычнай археалогіі.

Яго затрымалі ў снежні 2025 года ў Польшчы на запыт украінскіх уладаў.

У аснове справы супраць Буцягіна — раскопкі ў Крыме пасля яго анексіі Расіяй. Кіеў прыраўноўвае іх да знішчэння помнікаў. Навуковец не адмаўляе, што вёў раскопкі без дазволу ўкраінскіх уладаў, але катэгарычна не згодны з абвінавачваннем у разбурэнні культурнай спадчыны.

У інтэрв’ю BBC ён сказаў, што працягваў працаваць у Крыме пасля яго анексіі менавіта для захавання археалагічнага аб’екта: «Спыненне работ адбілася б на стане помніка, які стаў бы без нагляду разбурацца з-за натуральных прычын, а таксама з-за дзеянняў вандалаў і марадзёраў».

Буцягін — першы расійскі археолаг, затрыманы з-за раскопак у Крыме, але далёка не адзіны, каго Украіна падазрае ў парушэнні закона.

Гэтая справа з'яўляецца важным прэцэдэнтам. Упершыню навуковая дзейнасць на акупаваных тэрыторыях кваліфікуецца як крымінальнае злачынства, што цягне за сабой рэальны арышт у краіне ЕС. Гэта тычыцца розных расійскіх спецыялістаў (археолагаў, рэстаўратараў, музейшчыкаў), якія працавалі ў Крыме пасля 2014 года.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула