БЕЛ Ł РУС

Сусветныя аўтавытворцы адзін за адным страчваюць прыбытак. Ва ўсім вінаваты пераход на электрамабілі?

24.03.2026 / 15:25

Nashaniva.com

Не толькі канцэрн Volkswagen скончыў 2025 год з сумнымі фінансавымі паказчыкамі. Японская Honda нясе страты ўпершыню за 70 гадоў. Сур'ёзныя праблемы і ў канцэрнаў Stellantis, Ford. Вось што іх аб'ядноўвае. 

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

VW — падзенне прыбыткаў і масавыя скарачэнні

За 2025 год прыбытак найбуйнейшага еўрапейскага аўтавытворцы Volkswagen упаў на 44%. Да 2030 года аўтагігант плануе скараціць 50 тысяч працоўных месцаў у Германіі.

Летась VW упершыню за 88 гадоў закрыў завод у Германіі. Ім аказаўся завод у Дрэздэне, на якім з 2017 года выпускалі электрамабілі.

Канцэрн называе тры прычыны падзення прыбытку:

— увядзенне Злучанымі Штатамі імпартных пошлін;
— жорсткая канкурэнцыя з кітайскімі вытворцамі; 
— высокія выдаткі на рэструктурызацыю ў сувязі з пераходам на вытворчасць электрамабіляў.

І калі пошліны — прычына новая, то высокія выдаткі ў сувязі з гвалтоўным пераходам на электрамабілі — праблема не першага года. Інвестыцыі ў кірунак агромністыя, а попыт на электрамабілі расце павольней, чым чакалася.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

У прыватнасці, праз пераход на электрацягу моцна пацярпеў Porsche, паколькі фанаты маркі не вельмі ацанілі замену традыцыйных рухавікоў на электрычныя. Прыбытак Porsche за год скараціўся амаль на 93%.

Кіраўніцтва прызнала абраную раней стратэгію па электрыфікацыі лінейкі Porsche памылковай і ў выніку вырашыла вярнуць у папулярны красовер Macan версію з рухавіком унутранага згарання і гібрыд.

Stellantis і Ford нясуць страты

Канцэрн Stellantis, у які ўваходзяць 14 брэндаў, сярод якіх Peugeot, Citroën, Fiat, Opel, Jeep, Dodge, Maserati і Alfa Romeo, скончыў 2025 год са стратамі памерам 22,3 мільярда еўра.

Сярод асноўных прычын таксама называюць выбар памылковай стратэгіі развіцця аўтагіганта з упорам на электрамабілі.

Каб выратаваць сітуацыю, вытворца пачаў вяртаць у продаж бензінавыя і дызельныя рухавікі.

Напрыклад, летам мінулага года Stellantis вярнуў на амерыканскі рынак бензінавы рухавік Hemi V8 аб'ёмам 5,7 літра. А напрыканцы года аднавіў устаноўку дызеляў як мінімум на сямі еўрапейскіх мадэлях.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

Апроч вяртання некаторых традыцыйных рухавікоў, кампанія таксама адмяніла выхад электрычнай грузавой мадэлі Ram яшчэ да яе з'яўлення ў продажы.

Ford Motor Company завяршыла 2025 год з чыстымі стратамі $8,2 мільярда — гэта найгоршы вынік з часоў фінансавага крызісу 2008 года.

Асноўнай крыніцай страт амерыканскі аўтавытворца назваў лінію па вытворчасці электрамабіляў. Летась кампанія страціла на электракарах $4,8 мільярда і заявіла пра перагляд стратэгіі развіцця.

Honda — найгоршы вынік за апошнія 70 гадоў

Яшчэ адным вытворцам, які сышоў у мінус, стала японская Honda. Па выніках папярэдніх справаздач за 2025 год галоўнай прычынай страт называюць выдаткі на перабудову бізнэсу ў сферы электрамабіляў, якія дасягнулі $15,7 мільярда.

Паводле прагнозу, страты за мінулы год могуць скласці ад $2,6—4,3 мільярда. 2025‑ы стане для Honda першым за 70 гадоў перыядам з адмоўным фінансавым вынікам.

Іншыя дзве прычыны, якія называла Honda, — тыя самыя, што і ў VW: пошліны з боку ЗША і падзенне продажаў у Кітаі праз канкурэнцыю з боку мясцовых аўтавытворцаў.

У рэлізе Honda паведаміла, што страты звязаныя з адменай распрацоўкі і вываду на рынак трох мадэляў электрамабіляў, якія планавалася вырабляць у ЗША.

«Honda прыйшла да высновы, што пачатак вытворчасці і продажаў гэтых трох мадэляў у цяперашніх умовах, калі попыт на электрамабілі значна зніжаецца, хутчэй за ўсё, прывядзе да далейшых страт у доўгатэрміновай перспектыве», — паведаміла кампанія.

Агулам, як паведамляе Financial Times, ужо не менш за 12 сусветных аўтавытворцаў згортваюць свае планы па выпуску электрамабіляў на фоне ўстойлівага попыту на рухавікі ўнутранага згарання і згортвання палітыкі падтрымкі ў ЗША.

Амерыканская прычына

Адметна, што на рынку ЗША попыт на электрамабілі даволі нізкі, паколькі Дональд Трамп пры вяртанні да ўлады скасаваў ранейшыя законы, згодна з якімі ўжо да 2030 года не менш за 50% прададзеных новых аўто мусілі быць электрычнымі.

«Мы афіцыйна выратавалі аўтамабільную прамысловасць ЗША ад знішчэння, адмяніўшы мандат на электрамабілі раз і назаўжды», — заяўляў тады Трамп.

Апроч гэтага, з кастрычніка 2025 года ў ЗША адмянілі падатковы вылік у памеры $7500 на набыццё электракараў.

Па выніках 2025 года толькі каля 10% продажаў новых аўто ў ЗША прыпала на электрамабілі. А ў першыя два месяцы 2026 года іх доля ўпала прыкладна да 6%.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: Getty Images

Чаму тады атрымліваецца ў Кітая?

Кітайскія аўтавытворцы ў той жа час робяць поспехі на рынку электрамабіляў. Але трэба разумець, што, у адрозненне ад вытворцаў старой школы, ім не трэба перабудоўвацца — яны адразу ствараюць новы прадукт.

Апроч таго, у Кітаі ідзе велізарная падтрымка з боку дзяржавы. Таксама важны фактар у тым, што да 80% кампанентаў, неабходных для вырабу батарэй, здабываюцца ў самім Кітаі, што робіць яго менш залежным ад іншых.

Toyota — іншы шлях і іншыя вынікі

Сітуацыя ў Toyota адрозніваецца. Кампанія не рабіла стаўку на электрамабілі, а развівала кірунак гібрыдаў, попыт на якія моцна вырас як на рынку ЗША, так і Еўропы.

У выніку Toyota у 2025 годзе ўстанавіла новы рэкорд па аб'ёмах продажаў, рэалізаваўшы 11,3 мільёна аўтамабіляў.

Пры гэтым упершыню за чатыры гады ў Toyota быў зафіксаваны рост продажаў у Кітаі (+0,2%), у той час як іншыя аўтавытворцы старой школы адзін за адным справаздачваліся аб падзенні продажаў там.

Структура продажаў Toyota па тыпе сілавых установак у 2025 годзе выглядала так:

— аўтамабілі з рухавікамі ўнутранага згарання — больш за 56%;
— гібрыды — 42%;
— электрамабілі — 1,9%.

Чаму Toyota абрала іншы шлях? Рэч у тым, што кіраўнік кампаніі Акіо Таёда з'яўляецца паслядоўным крытыкам прымусовай татальнай электрыфікацыі транспарту.

Акіо Таёда лічыць, што трэба захоўваць баланс, робячы стаўку на гібрыдныя аўто і паралельна развіваючы кірунак цалкам электрычных аўто ды аўто з традыцыйнымі рухавікамі. Апроч гэтага, Toyota развівае вадародны кірунак.

Адметна, што яшчэ ў 2021 годзе прэзідэнт канцэрна Toyota Motor прадракаў сусветнаму аўтапраму калапс, калі рынак занадта хутка будзе пераходзіць да электрамабіляў.

А ў 2024 годзе ён казаў, што на долю электрамабіляў прыйдзецца не больш за 30% сусветнага аўтамабільнага рынку.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

Наколькі стратэгія і прагнозы кіраўніка Toyota будуць слушнымі ў доўгатэрміновай перспектыве — пакажа час. Але прынамсі цяпер асцярожны падыход Toyota да электрамабіляў аказаўся выйгрышным.

І многія аўтавытворцы, якія панеслі страты ад стаўкі на хуткі пераход на электрамабілі, цяпер таксама робяць большы ўхіл менавіта на гібрыды, пра перспектыўнасць якіх даўно казаў Акіо Таёда.

Toyota у сваю чаргу амаль 30 гадоў паспяхова працуе ў гібрыдным кірунку. Першы Prius выйшаў у свет у 1997 годзе. А другое пакаленне Prius, якое выпускалася з 2003 года, стала вельмі папулярным аўто ва ўсім свеце, у тым ліку сярод таксістаў, што даказала яго высокую надзейнасць і адначасова эканамічнасць пры больш прыязных паказчыках па шкодных выкідах.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула