У Магілёўскім заасадзе з'явіўся рэдкі белы вярблюд
У заасадзе ў Буйнічах пад Магілёвам папаўненне — туды прывезлі паўтарагадовую самку двухгорбага вярблюда па мянушцы Ляля. Яе адметнасць — абсалютна белы колер воўны. Гэта даволі рэдкая масць для бактрыянаў, але для Беларусі гэта не першы падобны выпадак за апошні час.
Белы двухгорбы вярблюд па мянушцы Ляля. Фота: тэлеграм-канал «МагілёўАнлайн»
Лялю купілі ў студзені гэтага года ў адным з заасадаў Мінскага раёна. Як распавёў фотакарэспандэнту мясцовага тэлеграм-канала «МагілёўАнлайн» загадчык установы Іван Ніжнікаў, маладая вярблюдзіца «вельмі культурная і пакуль не плюецца».
Зараз жывёлу пасялілі ў адкрытым вальеры разам з авечкамі і якамі. Па словах Ніжнікава, капытным так весялей і яны патрабуюць кампаніі: разам ядуць, гуляюць і нават ліжуць адно аднаго. Кормяць Лялю ў асноўным сенам, саломай, гароднінай і невялікай колькасцю аўса для росту. Яна таксама ахвотна прымае пачастункі ад наведвальнікаў, напрыклад, вафельныя шкляначкі з морквай.
Белы двухгорбы вярблюд па мянушцы Ляля. Фота: тэлеграм-канал «МагілёўАнлайн»
Белы двухгорбы вярблюд па мянушцы Ляля. Фота: тэлеграм-канал «МагілёўАнлайн»
Белы двухгорбы вярблюд па мянушцы Ляля. Фота: тэлеграм-канал «МагілёўАнлайн»
Белы двухгорбы вярблюд па мянушцы Ляля. Фота: тэлеграм-канал «МагілёўАнлайн»
Цікава, што загадчык асабліва падкрэслівае важнасць эмацыйнага кантакту: вярблюда трэба падзываць і гладзіць за нос, каб ён адчуваў любоў.
Пакуль Ляля — адзіны вярблюд у магілёўскім заасадзе. У будучыні ёй спадзяюцца знайсці самца для нашчадкаў — альбо набудуць маладога вярблюда, альбо адвязуць Лялю ў госці.
Белы двухгорбы вярблюд па мянушцы Ляля. Фота: тэлеграм-канал «МагілёўАнлайн»
Белы двухгорбы вярблюд па мянушцы Ляля. Фота: тэлеграм-канал «МагілёўАнлайн»
Натуральны колер двухгорбых вярблюдаў — карычнева-пясочны. Сярод свойскіх бактрыянаў белыя і крэмавыя асобіны лічацца вялікай рэдкасцю і цэняцца вышэй за іншых. Напрыклад, у Забайкаллі іх доля складае ўсяго каля 2,8%.
Аднак Ляля, нягледзячы на гэта, не адзіны белы вярблюд у Беларусі — зусім нядаўна, у сакавіку 2024 года, у аграсядзібе пад Маладзечнам нарадзілася яшчэ адно белае вярблюдзяня.
Тады відэа з нованароджаным малянём, якому пасля далі мянушку Васілёк, сабралі мільёны праглядаў у TikTok. Яго маці, вярблюдзіца Шыша, спачатку не прымала дзіцяня, і гаспадарам давялося дзяжурыць каля яго кругласутачна, дапамагаючы ўстаць на ногі.
Будоўля кантактнага заапарку у Магілёўскім заасадзе. Фота: тэлеграм-канал «МагілёўАнлайн»
Будоўля кантактнага заапарку у Магілёўскім заасадзе. Фота: тэлеграм-канал «МагілёўАнлайн»
Як і ў выпадку з Ляляй, Васілёк не альбінос, а проста прадстаўнік вельмі рэдкай масці. Па ўсходніх павер'ях, нараджэнне белага вярблюда прыносіць поспех і дабрабыт.
У Магілёўскім заасадзе рыхтуюць яшчэ адну навінку: там будуюць кантактны заапарк, дзе за дадатковую плату (каля 5 рублёў) можна будзе зайсці ў вальеры да шатландскай каровы, альпакі і коз, каб пакарміць іх і пагутарыць з жывёламі бліжэй. Будаўніцтва вядуць уласнымі сіламі студэнты і выкладчыкі мясцовага агралесатэхнічнага каледжа.