БЕЛ Ł РУС

Z-блогер нечакана назваў Пуціна нелегітымным і заклікаў аддаць яго пад суд

18.03.2026 / 19:19

Nashaniva.com

Расійскі праўладны блогер і аўтар даносаў Ілья Рамясло нечакана крытычна выказаўся пра Уладзіміра Пуціна. Ён назваў Пуціна нелегітымным прэзідэнтам і заклікаў судзіць яго як «ваеннага злачынцу і злодзея». У сваіх пастах у тэлеграме Рамясло растлумачыў, чаму расчараваўся ў дзейнай уладзе Расіі, піша The Moscow Times.

Ілья Рамясло

Ілья Рамясло пералічыў шэсць асноўных прычын незадаволенасці: вайна з Украінай, цэнзура ў СМІ і інтэрнэце, бязмежны тэрмін прэзідэнцтва, непавага да грамадзян, імкненне да раскошы і невыкананне абяцанняў.

Асабліва Рамясло чамусьці абурыла, што Пуцін у 2017 годзе абяцаў не ісці кітайскім шляхам, але слова не стрымаў.

Блогер заявіў, што Пуцін мог палепшыць жыццё людзей, але выбраў шлях асабістага ўзбагачэння і сваіх сяброў. Раней Ілья Рамясло ўмерана крытыкаваў палітыку Пуціна і пазбягаў адкрытых нападаў, але цяпер лічыць, што стабільнасці ў краіне няма: частыя атакі дронаў і абмежаванні ў інтэрнэце.

Ён таксама абвінаваціў кіраўніцтва адміністрацыі прэзідэнта, у прыватнасці першага намесніка яе кіраўніка Сяргея Кірыенку, у арганізацыі дыскрэдытацыі апазіцыі. Рамясло паставіў пад сумнеў карысць для расіян ад акупаваных тэрыторый Украіны, адзначыўшы, што яны абцяжараныя вялікімі выдаткамі на аднаўленне.

Блогер пацвердзіў, што супрацоўнічаў з адміністрацыяй прэзідэнта і меў з ёй фінансавыя адносіны, але шмат прапанаваных ім ідэй не былі рэалізаваныя так, як ён прапаноўваў. Ён адзначыў, што гатовы да любых наступстваў сваіх выказванняў, у тым ліку суда, і спадзяецца, што яны дакажуць Пуціну ісціну.

Юрысты адзначаюць, што пасты Рамясло складзеныя акуратна і не ўтрымліваюць прамых заклікаў, але могуць стаць падставай для прызнання яго замежным агентам.

Рамясло вядомы як блогер, «юрыст» і «следчы», які яшчэ да вайны набраў вядомасць дзякуючы барацьбе з Аляксеем Навальным. Ён неаднаразова складаў даносы на расійскую апазіцыю і ўдзельнічаў у судовых справах супраць блогераў і публіцыстаў, уключаючы справу пра ахвяраванні для кампаніі Навальнага 2017 года.

Чытайце таксама:

Расійскія ваенкары заяўляюць, што страты дасягнулі непрымальнага ўзроўню. «Чакае нас рэмейк восені 2022 года»

Расійскі камбат пасварыўся з начальнікам і прапаў назаўсёды. Той урэшце прызнаўся ў забойстве — але пасля расстралялі і яго

Z-блогер прызнаўся, як украінцам удалося знішчыць расійскую падлодку коштам паўмільярда даляраў

«Жыццёвы цыкл штурмавіка — 12 дзён». Z-блогер шчыра прызнаўся, чаму не падпісвае кантракт з Мінабароны

Каментары да артыкула