БЕЛ Ł РУС

Беларускі музыка згубіў у Варшаве свой пашпарт, але знайшоў іншы — незнаёмай жанчыны. А ўжо яна дапамагла знайсці ягоны

18.03.2026 / 22:42

Nashaniva.com

Беларускі музыка, этнограф і арт-менеджар Сяржук Доўгушаў згубіў у Варшаве пашпарт. Кінуўся шукаць — і знайшоў. Але не свой, а жанчыны-беларускі. Неўзабаве яна паведаміла Сержуку, што знайшла ягоны дакумент. Неверагоднай гісторыяй музыка падзяліўся ў Facebook і расказаў падрабязнасці выданню Most.

Сяржук Доўгушаў са знойдзеным пашпартам. Фота з яго Facebook

Пра страту пашпарта Доўгушаў паведаміў 16 сакавіка. Ён атрымліваў новую карту дазволу на жыхарства ва Упраўленні па справах замежнікаў у Варшаве. Адтуль жа паехаў па справах у адміністрацыю варшаўскага раёна Бялалэнка. Там і заўважыў, што нейкім чынам згубіў беларускі пашпарт. Абшукаў усю машыну, перарыў кішэні — дарэмна. Вырашыў вярнуцца ва Упраўленне па справах замежнікаў у Варшаве.

«Быў там ужо некалькі разоў, усё абшукаў — няма. Крыўдна, яшчэ год дзейнічаў. Не ведаю, што і рабіць, у пятніцу трэба ехаць з выступамі ў Літву», — паскардзіўся ён.

Паступова музыка стаў усведамляць, што гастролі, верагодна, прыйдзецца адмяніць.

«Безнадзейна. Развітваюся з мінулым, адкрываю новы партал з будучым атрыманнем еўрапейскага пашпарта», — пісаў ён у адказ на пытанне пра дакумент.

«Такі мой квэст: трэба знайсці тры згубленыя беларускія пашпарты ў Варшаве, тады мой вернецца»

17 сакавіка Доўгушаў зноў паехаў у раённую адміністрацыю. Пакуль чакаў дакументы, пачуў, што ў дзяржоргане знойдзены нейкі пашпарт. Ужо вырашыў, што ягоны. Але не пашанцавала: пашпарт, хоць і быў беларускі, належаў жанчыне.

Тады беларус вырашыў дапамагчы суайчынніцы — напісаў пост у буйную групу ў фэйсбуку «Беларусы ў Варшаве». Жанчына адгукнулася. Высветлілася, што і для яе страта пашпарта была балючай: яна мусіла ляцець у Люксембург.

«Мабыць, гэта такі мой квэст: трэба знайсці тры згубленыя беларускія пашпарты ў Варшаве, тады мой вернецца», — пажартаваў ён.

Але квэст лёсу аказаўся крыху лягчэйшым.

У той самы дзень жанчына забраць пашпарт не дала рады, прыехала 18 сакавіка. І знайшла ў адміністрацыі не толькі свой пашпарт, але і Доўгушава. Каму тэлефанаваць, яна ўжо ведала.

Цяпер музыка прызнае, што атрымаў урок. І хоць дапамагаць з пошукамі трох пашпартоў не спатрэбілася, суразмоўца кажа, што цяпер будзе рабіць добрыя справы.

«Сачыце за дакументамі, ніколі не губляйце пашпарты. Асабліва беларускія», — раіць ён, маючы на ўвазе, што для многіх беларусаў атрыманне новага пашпарта зараз немагчымае.

Чытайце таксама:

Статкевіч расказаў, што ўжо месяц жыве без дакументаў

З пашпартам Новай Беларусі можна будзе прагаласаваць на выбарах у Каардынацыйную раду

«Не прапусціла служба бяспекі». Польскі банк адмовіў беларусу з ДНЖ, але пратэрмінаваным пашпартам у адкрыцці рахунку для ІП

Той самы беларус, які ў Польшчы прыйшоў з пашпартам Новай Беларусі мяняць ВНЖ, расказаў новыя падрабязнасці сваёй гісторыі

У Польшчы завялі крыміналку за выкарыстанне пашпарта Новай Беларусі? Не. Вось што вядома на гэты момант

Каментары да артыкула