З пачатку года ўжо пяць выпадкаў укусу кляшчоў
Самы эфектыўны спосаб прадухіліць — прышчэпка.
Пра гэта журналістам распавяла загадчыца супрацьэпідэмічнага аддзялення Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Улада Запольская, піша БелТА.
Медык адзначыла, што сезон кляшчоў ужо можна лічыць адкрытым. «У студзені і лютым было зарэгістравана 5 укусаў. Ужо на працягу двух тыдняў усталяваліся сярэднесутачныя тэмпературы каля 5 градусаў, і насельніцтва заўважае кляшчоў у лесапаркавых зонах. Вясной яны больш галодныя і актыўна нападаюць», — распавяла Улада Запольская.
Доктап-эпідэміёлаг нагадала пра меры прафілактыкі. У першую чаргу неабходна абараняць скуру светлым адзеннем з манжэтамі, выкарыстоўваць галаўныя ўборы і рэпеленты. Пасля наведвання лясоў і паркаў варта праводзіць агляд.
Найбольш эфектыўнай мерай прафілактыкі з’яўляецца вакцынацыя. Бясплатныя прышчэпкі — работнікам лясной сферы, ваеннаслужачым і іншым катэгорыям, якія працуюць у зонах рызыкі. Астатнім грамадзянам вакцынацыя праводзіцца на платнай аснове.
Пры ўкусе неабходна неадкладна выдаліць кляшча, апрацаваць месца антысептыкам і звярнуцца па медыцынскую дапамогу ў першыя 72 гадзіны для правядзення экстраннай прафілактыкі антыбіётыкамі.