Гуляюць скрыншоты з Анжалікай Мельнікавай у трэнажорцы ў Мінску
Але праведзены «Нашай Нівай» аналіз выяваў паказвае, што твар быў, хутчэй за ўсё, адмыслова перакрыты маскай. Для канчатковага адказу трэба аналізаваць першаснае відэа, а яго няма.
Нібыта скрыншоты са сторыз, на якія папала Анжаліка Мельнікава, з вялікай імавернасцю — дыпфэйкі
Украінскі блогер Аляксандр Рыкаў (BalaganOFF) заявіў, што яму даслалі скрыншоты са сторыз трэнеркі з трэнажорнай залы сеткі GYM24 у Мінску, на якіх нібыта фігуравала зніклая з далягляду ў сакавіку 2025 года Анжаліка Мельнікава.
Балаганаў напісаў, што ён два дні вагаўся, перш чым апублікаваць скрыны, бо не ведаў, сапраўдныя яны ці не.
«Мне скінуў акаўнт гэтыя фота, кажа паглядзіце — здаецца, што Мельнікава, вельмі падобна. Гэты акаўнт мне ніколі не пісаў раней, таму я і вагаўся, але ўрэшце ўсё ж вырашыў апублікаваць», — расказаў «Нашай Ніве» Балаганаў. — Відэа ў мяне няма, але я для вас спытаю ў гэтага акаўнта, можа ён захаваў».
Чаму менавіта яму даслалі скрыншоты, Балаганаў не ведае. «Можа таму што я ўкраінец і я яго дакладна не здам», — выказвае здагадку ён.
Аналіз скрыншотаў з дапамогай інструментаў штучнага інтэлекту паказвае, аднак, што твар на фотах па якасці адрозніваецца па ступені сціскання ад астатняй выявы. Гэта можа быць маска, накладзеная паверх выявы.
Мы параўналі вобласць твару з суседнімі ўчасткамі кадра: ва ўсіх трох скрыншотах варыятыўнасць колеру ў зоне твару складае ад 219 да 525, а вакол — ад 1623 да 3484 адпаведна, што паказвае на лакальна згладжаную або замазаную вобласць.
Яшчэ адна прыкмета маніпуляцый — сляды лакальнай апрацоўкі пасля паўторнага JPEG-сціскання: у вобласці твару яны крыху вышэйшыя, чым па відарысе ў сярэднім, што часта бывае там, дзе нешта дамалёўвалі, замыльвалі або ўстаўлялі па-над зыходнікам. Твар адрозніваецца ад астатняй фатаграфіі па дэталізацыі, колеравай структуры і слядах рэдагавання — прычым істотна.
Калі ўчастак выявы адначасова занадта роўны па колеры, бедны па тэкстуры і крыху вылучаецца па слядах сціскання, гэта тыповы профіль лакальнай лічбавай апрацоўкі, а не нармальна знятага твару.
«Мой тэхнічны аналіз паказвае, што твар на зыходных кадрах наўмысна перакрыты лічбавым размыццём або аднародным фільтрам, бо ў гэтай зоне зафіксавана анамальна нізкая дэталізацыя і колеравая варыятыўнасць у параўнанні з астатнім відарысам. З-за гэтай штучнай «маскі» рэальных рыс твару фактычна не відаць, таму праграмы распазнавання будуць выдаваць высокі працэнт супадзення памылкова, абапіраючыся толькі на агульны контур галавы, шыю і прычоску», — такі вердыкт нам на аснове наяўнай інфармацыі вынес GPT 5.4 Thinking.
Больш пакуль сказаць цяжка. Для канчатковага адказу трэба аналізаваць першаснае відэа, а яго няма.
* * *
Спікерка Каардынацыйнай рады Анжаліка Мельнікава пакінула тэрыторыю Польшчы і Еўрасаюза 26 лютага 2025 года і паляцела ў Лондан. Паводле расследавальнікаў, за дзень да вылету яна зарэзервавала нумар у пяцізоркавым гатэлі на Шры-Ланцы, дзе ўжо бывала раней. З 28 лютага да 7 сакавіка Мельнікава жыла ў тым гатэлі з дзецьмі. 7 сакавіка Мельнікава з дзецьмі паляцела ў Дубай, там яе след губляецца. 25 сакавіка яна перастала выходзіць на сувязь.
Каардынацыйная рада заяўляла, што 13 сакавіка з яе акаўнта былі спампаваныя дакументы, якія тычацца працы арганізацыі.
У тым жа месяцы, паводле звестак «Кіберпартызанаў», Мельнікава перавяла на асабісты рахунак больш за 150 тысяч даляраў са сродкаў фонду Białoruś Liberty. Вядома таксама, што перад знікненнем яна лётала на Кубу і ў Шры-Ланку разам з Аляксеем Лабеевым, супрацоўнікам лукашэнкаўскіх спецслужбаў.
* * *
Удакладненне. У пачатковай версіі артыкула замест «GPT 5.4 Thinking» было памылкова напісана «ChatGPT Thinking 4.6». Перапрашаем.