БЕЛ Ł РУС

Лідары ЕС не змаглі пераканаць Венгрыю разблакаваць крэдыт Украіне на 90 млрд еўра

20.03.2026 / 07:57

Nashaniva.com

Кіраўніца Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен паабяцала, што «тым ці іншым чынам» Кіеў атрымае абяцаныя сродкі.

Фота Thanassis Stavrakis, AP

ЕС просіць Еўракамісію знайсці магчымасць выплаты Украіне ўзгодненага крэдыту на 90 млрд еўра пасля таго, як лідарам саюза не ўдалося ўгаварыць прэм'ера Венгрыі Віктара Орбана пагадзіцца на яго вылучэнне, піша Reuters са спасылкай на заяву канцлера Германіі Фрыдрыха Мерца.

Мерц назваў дзеянні Орбана беспрэцэдэнтным «актам сур'ёзнай нелаяльнасці». «Гэта не пройдзе бясследна», — сказаў ён журналістам пасля саміту лідараў ЕС у Бруселі 19 сакавіка.

Па словах старшыні Еўрапейскай рады Антоніу Кошта, лідары ЕС асудзілі паводзіны Венгрыі. «Здзелка ёсць здзелка, і ўсе лідары павінны стрымаць гэтае слова. І ніхто не можа шантажаваць Еўрапейскую раду», — сказаў ён.

Кіраўніца Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен паабяцала, што «тым ці іншым спосабам» Кіеў атрымае абяцаныя сродкі.

Крэдыт на 90 млрд еўра быў узгоднены яшчэ ў 2025 годзе, аднак Венгрыя, саюзнік Масквы, ужо некалькі месяцаў блакуе рашэнне аб яго вылучэнні, якое павінна быць падтрымана ўсімі краінамі — членамі ЕС.

Пазіцыя Будапешта застаецца нязменнай на фоне спынення працы ў студзені 2026 года трубаправода «Дружба», які праходзіць па тэрыторыі Украіны, па якім Венгрыя атрымлівае расійскую нафту. Кіеў тлумачыў прыпыненне транзіту пашкоджаннем трубаправода ў выніку расійскай атакі. Орбан не раз заяўляў, што Венгрыя будзе блакаваць вылучэнне грошай Кіеву, пакуль праца «Дружбы» не адновіцца.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула