БЕЛ Ł РУС

«Белавія» запусціла самы доўгі рэйс у сваёй гісторыі

20.03.2026 / 09:08

Nashaniva.com

У ноч на пятніцу з Мінска адправіўся першы рэгулярны рэйс у В’етнам. Лятаць авіякампанія «Белавія» будзе ў Нячанг.

Фота: OL

Раней авіякампанія анансавала палётную праграму ў Нячанг толькі з 31 сакавіка. Але на фоне крызісу на Блізкім Усходзе, калі давялося вывозіць турыстаў з ААЭ, Катара і Амана, вырашылі раней запусціць дадатковыя рэйсы ў В’етнам, піша Office Life.

Дарэчы, і сярод пасажыраў першага рэйса ў Нячанг былі і тыя, каму давялося змяніць планы на адпачынак на карысць В’етнама з-за закрытага неба на блізкаўсходніх курортах.

У «Белавія» запэўнілі, што на гэтым момант вывезлі ўсіх беларускіх турыстаў, якія затрымаліся на Блізкім Усходзе.

У В’етнам самалёт ляціць 11 гадзін, а назад — 11 гадзін 40 хвілін. Цяпер гэта самы працяглы рэйс для Belavia: адлегласць амаль 9300 км.

Ён будзе рэгулярным, гэта значыць, што квіткі на яго зможа набыць любы ахвочы. Кошт квітка туды і назад пачынаецца ад 3222 рублёў.

Фота: OL

Лятаць у В’етнам плануюць тры разы на тыдзень — у аўторак, чацвер і суботу.

Як расказаў намеснік дырэктара па маркетынгу Уладзімір Баркун, на першы рэйс квіткі выкупілі 270 пасажыраў усяго за тыдзень, а на зваротны ўжо прададзена 92 квіткі.

Нячанг — курортны горад на беразе Паўднёва-Кітайскага мора. Тут вялікія чыстыя пляжы, прыгожыя астравы, шмат лакацый для дайвераў.

З 12 кастрычніка «Белавія» ўжо выконвае чартарную праграму ў В’етнам на востраў Фукуок. А з 10 мая авіякампанія плануе адкрыць чартарныя рэйсы ў в’етнамскі Дананг.

Паводле слоў прадстаўніка МЗС Руслана Варанкова, які працаваў у В’етнаме, гэтая краіна цікавая не толькі з пункту гледжання турызму, але і для супрацоўніцтва ў іншых напрамках, напрыклад у лагістыцы, сельскай гаспадарцы.

На рэйсе таксама плануецца перавозка грузаў у нашу краіну — у першую чаргу гэта садавіна, тэкстыль, а з Беларусі гатовыя працаваць з экспарцёрамі па розных напрамках.

Прадстаўнік МЗС Руслан Варанкаў, намеснік гендырэктара «Белавіі» Уладзімір Баркун, надзвычайны і паўнамоцны Пасол В’етнама ў Беларусі Нгуен Ван Чунг і дырэктар Мінскага аэрапорта Уладзімір Чаравухін. Фота: OL

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула