Трамп абвінаваціў Зяленскага ў піяры: Украіна нічога не зрабіла на Блізкім Усходзе
Прэзідэнт ЗША таксама раскрытыкаваў прэзідэнта Украіны, заявіўшы, што з ім складаней дамаўляцца, чым з Пуціным.
Фота: Joe Raedle / Getty Images
Прэзідэнт ЗША назваў дапамогу, якую Украіна аказвае краінам Блізкага Усходу, «палітычным піярам» прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага, піша «Еўрапейская праўда».
Журналістка Стэфані Рул спытала амерыканскага лідара пра дапамогу, якую Украіна аказвае блізкаўсходнім саюзнікам ЗША, у тым ліку ў барацьбе з іранскімі дронамі. На гэта, паводле слоў журналісткі, Трамп заявіў, што Украіна «не зрабіла нічога», а ўсё, што ўкраінскі прэзідэнт казаў пра дапамогу, ён рабіў дзеля «палітычных і піяр-мэтаў».
Пасля гэтага прэзідэнт ЗША зноў раскрытыкаваў Зяленскага, заявіўшы, што з ім складаней мець справу, чым з Уладзімірам Пуціным. Таксама, як цытуе Трампа журналістка, ён дадаў, што расійскі кіраўнік «не баіцца Еўропы».
Акрамя таго, ён паўтарыў сваё абурэнне тым, што саюзнікі па NATO не дапамагаюць ЗША ў аперацыях супраць Ірана. У той жа час Трамп дадаў, што Вашынгтону не патрэбна іх дапамога.
Раней Дональд Трамп заяўляў, што Злучаным Штатам не патрэбна дапамога Украіны для таго, каб збіваць іранскія дроны на Блізкім Усходзе.