Трамп даў Ірану 48 гадзін на адкрыццё Армузскага праліва. І сказаў, што зробіць, калі яны не пагодзяцца
Трамп пагражае знішчэннем іранскіх электрастанцый.
Дональд Трамп. Фота: Joe Raedle / Getty Images
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп прыгразіў знішчыць іранскія электрастанцыі, калі Тэгеран не адкрые Армузскі праліў на працягу 48 гадзін.
«Калі Іран не адкрые цалкам, адмовіўшыся ад пагроз, Армузскі праліў на працягу 48 гадзін з гэтага моманту, Злучаныя Штаты Амерыкі нанясуць удар і знішчаць іх розныя электрастанцыі, пачынаючы з самай буйной!» — напісаў Трамп у Truth Social.
Трамп апублікаваў паведамленне а 23:44 па Грынвічы 21 сакавіка. Гэта азначае, што ў Ірана ёсць час да 23:44 па Грынвічы 23 сакавіка (02:44 у Мінску 24 сакавіка), каб адкрыць праліў.
Іран у сваю чаргу пагражае нанесці ўдары па звязанай з ЗША энергетычнай інфраструктуры ў рэгіёне Персідскага заліва, калі будуць атакаваныя паліўныя і энергетычныя аб'екты Ірана.
Раней Трамп напісаў у Truth Social, што ЗША «сцерлі Іран з карты».
Ён абвяргае меркаванне, што яму не ўдалося дасягнуць сваіх мэтаў у Іране: «Так, удалося, і на некалькі тыдняў раней за запланаваны тэрмін. Іх кіраўніцтва знішчана, іх флот і ваенна-паветраныя сілы мёртвыя, у іх абсалютна няма абароны, і яны хочуць заключыць здзелку. Я — не».