БЕЛ Ł РУС

Кефірны прадукт з бактэрыяй даўгалецця хутка з'явіцца ў магазінах Беларусі

22.03.2026 / 09:04

Nashaniva.com

Беларускія навукоўцы рыхтуюцца запусціць у продаж «эліксір даўгалецця» — новы кефірны прадукт, створаны на аснове даследаванняў генатыпу і мікрабіёму беларускіх доўгажыхароў.

Намеснік дырэктара па навуковай рабоце Інстытута генетыкі і цыталогіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Павел Марозік расказаў БелТА, што кефірны прадукт з бактэрыяй даўгалецця акермансіяй з'явіцца ў магазінах Беларусі.

Ён заявіў, што навукоўцы Інстытута генетыкі і цыталогіі НАН Беларусі выявілі ў беларусаў, якія жывуць вельмі доўга, асаблівую бактэрыю — акермансію. Яна здольная абнаўляць сценкі кішэчніка і змагацца з запаленнямі, што значна зніжае рызыку розных захворванняў.

«Мы праводзілі даследаванне беларускіх доўгажыхароў. Мала таго што выявілі ў іх шэраг генаў, якія ўдзельнічаюць у абмене бялкоў, тлушчаў і вугляводаў, асацыяваныя з устойлівасцю да стрэсаў, але і правялі аналіз мікрабіёма. У выніку чаго выявілі бактэрыю, якая абнаўляе сценкі кішэчніка і такім чынам змагаецца з запаленнем. Дзякуючы ёй зніжаецца рызыка захворванняў, што таксама падаўжае гады», — сказаў Марозік.

Каб гэтая бактэрыя дапамагла кожнаму, навукоўцы распрацавалі з ёю кефірны прадукт. Гэта, па іх задуме, дазволіць «падсяліць» карысныя мікраарганізмы ў арганізм праз звычайную ежу.

Распрацоўка ўжо знаходзіцца на фінальным этапе. Навуковец кажа, што зусім хутка «кефір даўгалецця» з’явіцца на паліцах беларускіх крам і будзе даступны для ўсіх жадаючых.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула