БЕЛ Ł РУС

Найлепшым дворнікам Магілёва стаў цемнаскуры беларус з гвінейскімі каранямі

22.03.2026 / 09:46

Nashaniva.com

Калі даведаўся, што яго партрэт размесцяць на Дошцы гонару, ён расплакаўся.

Ісмаіл Сума працуе ў ЖЭУ №7 Магілёва дворнікам. Мясцовыя жыхары называюць яго «будзільнікам». У мінулым годзе ён узяў адну з камунальных вяршынь — стаў найлепшым дворнікам Магілёва, распавядае СТБ.

Яго зона адказнасці — прыдамавая тэрыторыя часткі мікрараёна Юбілейны. Праца цяжкая, кажа ён, — лістота, снег, трэба адбіваць лёд. А калі пройдуць дажджы, мокрае лісце становіцца вельмі цяжкім.

Ісмаіл — беларус з гвінейскімі каранямі.

«Я вельмі люблю Беларусь, бо яна чыстая, прыгожая, тут шмат буслоў», — гаворыць ён.

Мясцовыя жыхары сцвярджаюць: з яго з’яўленнем каля пад’ездаў і ў двары стала нашмат чысцей. Яны лічаць яго лепшым работнікам і нават жартуюць, што яго варта прызначыць начальнікам.

Упершыню ўзяць у рукі малаток Ісмаіла прымусіла жыццё. «Я ў мамы адзін, бацькі не было. Хацелася навучыцца мужчынскай справе, хоць цвік забіць. А прыйшоў сюды — і шмат чаму навучыўся», — распавядае Ісмаіл.

Зараз ён павышае кваліфікацыю і хоча стаць рабочым па комплексным абслугоўванні дамоў. Гэта крок да большага заробку і мары аб падарожжах. А пасля працы Ісмаіл танцуе.

Праца работнікаў ЖКГ заўсёды навідавоку, таму не абыходзіцца без крытыкі і скаргаў. Часам здаецца, што намаганні застаюцца незаўважанымі. Але тое, што такіх, як Ісмаіл, цэняць, даказаў раптоўны званок, які давёў магілёўскага дворніка да слёз: яго імя занеслі на Дошку гонару ЖЭУ:

— Мяне ўзнагароджваюць — на Дошку гонару. Буду ў цэнтральным ЖЭУ вісець.

— Вось толькі што табе паведамілі? 

— Так. 

— А чаго ў цябе слёзы? 

— Ад шчасця. 

— Не чакаў ты?

— Не.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула