БЕЛ Ł РУС

«Так людзі і жывуць»: шакавальныя кадры з гомельскага інтэрната

23.03.2026 / 11:17

Nashaniva.com

Туалеты не працуюць, аблупленая фарба і тынкоўка, грыбок і цвіль, смецце і бруд — сапраўдная камунальная катастрофа на відэа з гомельскага інтэрната.

У рэдакцыю «Моцных Навін» звярнуўся жыхар інтэрната па Савецкай, 240. Мужчына расказаў пра жахлівыя ўмовы, у якіх вымушаны існаваць жыльцы.

Паводле слоў чытача, у інтэрнаце туалеты «не працуюць гадамі», краны цякуць, змяшальнікі вады — толькі для імітацыі: вада альбо ледзяная, альбо кіпень.

Перагарэлую лямпачку таксама памяняць праблема — загадчыца тлумачыць гэта адсутнасцю фінансавання. 

Паводле слоў мужчыны, самае абуральнае ў гэтай гісторыі тое, што жыльцы спраўна плацяць. Акрамя камунальных паслуг (каля 20 рублёў), яны ўносяць яшчэ каля 150 рублёў. Але куды ідуць гэтыя грошы, застаецца загадкай.

«Нам нічога не выдзяляюць, каму не падабаецца — высяляцца», — такое стаўленне ў інтэрнаце, паводле слоў гамельчука, стала нормай.

Мужчына ў доказ даслаў мноства відэа, дзе бачная ўся «прыгажосць» побыту. Кадры выклікаюць не толькі эстэтычную агіду, але і пытанні наконт бяспекі пражывання.

«Так людзі і жывуць», — гаворыць мужчына на відэа. 

«Моцныя Навіны» звярнуліся па тлумачэнне да загадчыцы інтэрната, аднак яна адмовілася каментаваць сітуацыю, толькі адзначыла, што жыхар, які звярнуўся, ужо атрымаў сацыяльнае жыллё, а тут знаходзіцца «на птушыных правах».

Начальніца таксама параіла звярнуцца да Алега Анатольевіча Краўцэвічуса, намесніка дырэктара па ідэалагічнай працы КЖРЭУП «Чыгуначнае», на балансе якога знаходзіцца інтэрнат, аднак там слухаўку не знялі.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула