Зацвердзілі новыя правілы бытавога абслугоўвання
Урад Беларусі зацвердзіў новыя правілы бытавога абслугоўвання, якія павінны абнавіць і ўдакладніць дзеючыя нормы, а таксама лепш абараняць правы спажыўцоў.
Фота ілюстрацыйнае
Дакумент распрацаваны з улікам практыкі і прапаноў бізнэсу і прадугледжвае больш празрыстыя і зразумелыя ўмовы аказання паслуг — у тым ліку пракату, арэнды, рамонту транспарту, спа-паслуг і іншых.
Асноўныя змены тычацца ўдакладнення паняццяў: частка старых тэрмінаў прыбраная або змененая, у той жа час з’явіліся новыя — напрыклад, «матэрыялы», «выканаўца бытавых паслуг», «комплексны прыёмны пункт» і іншыя. Гэта павінна ліквідаваць неадназначнасці ў трактоўках.
Таксама больш дакладна прапісаныя правілы аплаты і надання зніжак: зніжка дзейнічае толькі пры поўнай аплаце замовы. Калі ж недахопы паслугі ліквідуюцца бясплатна, гарантыйны тэрмін падаўжаецца на час рамонту.
Удакладнены парадак прыёму і выдачы заказаў: калі кліент не забірае рэч, яму павінны пра яе прыход паведаміць, у тым ліку па пошце.
Асобна прапісаныя правілы для арэнды і пракату транспарту. За пратэрміноўку вяртання або аплаты прадугледжаная пеня — 1% ад цаны за кожны дзень, але яна можа быць зменшаная, калі гэта прапісана ў дамове.
Пры рамонце або тэхнічным абслугоўванні транспарту выканаўца абавязаны пазначаць, якія матэрыялы выкарыстоўваліся, іх кошт і агульную суму работ.
Акрамя таго, спрашчаюцца патрабаванні да інфармацыі ў невялікіх прыёмных пунктах у сельскай мясцовасці.
Чытайце таксама:
Сезон вясновых кірмашоў стартуе ў Мінску 28 сакавіка
«Так людзі і жывуць»: шакуючыя кадры з гомельскага інтэрната