БЕЛ Ł РУС

«Советская Белоруссия» адказала на прызнанне сябе экстрэмісцкай пакаянным лістом

23.03.2026 / 21:58

Nashaniva.com

Сатырычны паблік, які 13 сакавіка Мёрскі раённы суд прызнаў «экстрэмісцкім», высмеяў лукашэнкаўскую сістэму прызнання кантэнту экстрэмісцкім у стылі самой прапаганды, давёўшы яе да абсурду.

Стоячы на краі бездані, з якой няма вяртання, я пакутліва думаў, брацца мне за пяро ці не, — я ўвесь дрыжу зараз ад хвалявання, тысячы эмоцый накрываюць мяне і ледзь валодаю сабой!

Кожны рабочы, кожны калгаснік, кожны ідэолаг можа звярнуцца з лістом да беларускага правасуддзя. Можа быць, гэта будзе дазволена і мне, простаму і сціпламу Залатому Пяру, які шмат гадоў свайго жыцця прысвяціў барацьбе з панскай Польшчай і хунтай Ціханоўскай.

Я хачу патлумачыць матывы свайго неагучанага злачынства і знайсці разуменне пакутлівай драмы прыроджанага экстрэмізму.

Як кожная скумбрыя вылупляецца з ікры з жабрамі, так і любы беларус нараджаецца з грахом экстрэмізму! Прашу цябе, Мёрскае Правасуддзе, паказаць мне выхад з тупіка.

Я гатовы прыняць на сябе адказнасць за ўсю падрыўную працу перад нашай Айчынай, гатовы паўстаць перад любым судом, гатовы памерці, калі трэба.

Калі Прэзідэнцкай уладзе гэта трэба — можна мяне забіць — па судзе ці без суда. Я гатовы нават купіць для сябе расстрэльны патрон (ведаючы, што 70% яго кошту аплачвае дзяржава)!

Але калі нашай дзяржаве, якая бурна развіваецца, патрэбна чалавечая адзінка, і праца чалавека-лаяльнага ўсё ж такі ідэйнага, сумленнага, энергічнага, які мае сякія-такія веды, палітычны вопыт, аратарскі, газетны, пісьменніцкі талент, о, з якім бы энтузіязмам і натхненнем аддаў бы я рэшткі сваіх вартых жалю дзён Радзіме!

Калі пасля прызнання нашага выдання экстрэмісцкім у мяне былі галюцынацыі, я бачыў некалькі разоў вобраз маладога А. Р. Лукашэнкі. Ён падышоў да мяне і кажа: «Што ж такое ты нарабіў, Залатое Пяро? Я скажу Мёрскаму Суду, каб ён цябе прабачыў!». Гэта было так рэальна, што я літаральна падняўся і кінуўся ў скокі! Так у мяне рэальнасць была ператасаваная з трызненнем!

P.S. Гэты ліст напісаны ў немагчымых умовах перадка, у абстаноўцы варожага і няпэўнага акружэння, калі найменшая неасцярожнасць пагражае пакутлівай гібеллю. Няма часу пісаць шмат і складана, так што выліў усё адразу ж, што лілося на паперу. Прашу прабачыць за непазбежныя памылкі, за дрэнную паперу, за невыкананне розных фармальнасцяў. Ліст адпраўляецца ў трох экзэмплярах трыма рознымі шляхамі!

Чытайце таксама:

Сатырычны тэлеграм-канал «Советская Белоруссия» прызнаны экстрэмісцкім

Аб'явілі «экстрэмісцкай» кнігу пра Наталлю Радзіну

«Экстрэмісцкім фармаваннем» прызналі кінафестываль «Паўночнае ззянне»

Прызналі «экстрэмісцкімі» сацсеткі вядомай міжнароднай праваабарончай арганізацыі

Каментары да артыкула