БЕЛ Ł РУС

У Беларусь завезлі чырвоныя бананы. Што за яны?

24.03.2026 / 00:30

Nashaniva.com

Незвычайныя ягадныя бананы з’явіліся ў беларускіх крамах. Ад звычайных яны адрозніваюцца скуркай чырвонага колеру і смакам, піша «Анлайнер».

Гэтыя чырвоныя бананы прадаюцца ў «Еўраопце» на праспекце Дзяржынскага, 3Б. Іх прывезлі з Эквадора, цана за кілаграм — 10,99 рубля, што амаль удвая даражэй за звычайныя. Адзін банан з такой звязкі будзе каштаваць каля 1,5 рубля.

Тэкстура чырвонага банана больш сметанковая і крэмавая, чым у звычайнага, у смаку адчуваюцца ягадныя ноты. Гэта значыць, адрозненні ад класічнай садавіны ёсць, але не кардынальныя.

Выданне Telegraf.news, у сваю чаргу, тлумачыць, што чырвоныя бананы — гэта не прадукт геннай інжынерыі ці маркетынгавых эксперыментаў. Насамрэч гэта цэлая група прыродных сартоў, якая існуе ў прыродзе сотні гадоў.

Усе сучасныя бананы паходзяць ад двух дзікіх відаў: Musa acuminata і Musa balbisiana. Чырвоныя бананы як раз адносяцца да Musa acuminata. Яны менш распаўсюджаныя ў крамах, бо саспяваюць нераўнамерна і патрабуюць больш ашчаднага абыходжання. Таму і лічацца «нязручнымі» для масавага экспарту.

Дарэчы, спеюць чырвоныя бананы даўжэй. І можа так здарыцца, што вы купілі іх яшчэ цвёрдымі. У такім выпадку лепш пакласці бананы даспяваць пры пакаёвай тэмпературы. Таму што саспелы чырвоны банан павінен быць злёгку мяккім пры націсканні, а ягоная скурка можа стаць нават амаль карычневай. Менавіта ў такім стане ён максімальна смачны.

У чырвоных бананах у 3—5 разоў больш бэта-каратыну, які арганізм ператварае ў вітамін А, крытычна важны для здароўя вачэй і моцнага імунітэту. Менавіта ён адказвае за аранжава-ружовы колер мякаці. Таксама ў іх больш вітаміну С — на 15—20%.

Таксама ў чырвоных бананаў глікемічны індэкс часта крыху ніжэйшы (каля 45—50 супраць 55—60 у жоўтых), бо ў іх больш устойлівага крухмалу, які расшчапляецца павольней.

Чытайце таксама:

Здаровая ежа — шэрая, прэсная, непрыгожая, нясмачная? Гутарка з аўтаркай кнігі пра сняданкі

На Камароўцы значна зменшыліся цэны на клубніцы і персікі

Беларусам прапанавалі паспытаць мангастаны

Беларусы сталі есці больш мяса і менш садавіны

Каментары да артыкула