Візіт Ціханоўскай у Кіеў адклалі на нявызначаны тэрмін
Візіт беларускай дэмакратычнай лідаркі Святланы Ціханоўскай ва Украіну адкладзены на нявызначаны тэрмін. Пра гэта 24 сакавіка выданню «Вот Так» паведамілі яе прэс-сакратарка і крыніцы ва ўкраінскіх дыпламатычных колах, піша «Белсат».
Святлана Ціханоўская. Фота: Chris J Ratcliffe Bloomberg via Getty Images
Паездка ў Кіеў планавалася на 25 сакавіка — Дзень Волі. У межах візіту Ціханоўская павінна была сустрэцца з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім. Аднак новыя даты пакуль не вызначаныя.
Як удакладніла прэс-сакратарка Ціханоўскай Ганна Красуліна, гаворка ідзе не пра адмену, а пра перанос паездкі — працягваецца ўзгадненне графікаў. Паводле інфармацыі ўкраінскіх дыпламатаў, прычынай сталі тэхнічныя абставіны, у тым ліку несупадзенне раскладаў Ціханоўскай і Зяленскага.
Паводле неафіцыйных звестак, рашэнне аб пераносе магло быць прынятае ў апошні момант: яшчэ раніцай 24 сакавіка журналістаў запрашалі асвятляць візіт, аднак пазней папрасілі пачакаць.
Запланаваны візіт павінен быў стаць першым афіцыйным візітам Ціханоўскай ва Украіну. Раней яна сустракалася з Зяленскім у студзені 2026 года ў Вільні, дзе атрымала ад яго афіцыйнае запрашэнне.
Пра намер наведаць Украіну 25 сакавіка Ціханоўская заяўляла раней, адзначаючы, што такі візіт мог бы стаць важным сігналам падтрымкі Беларусі і салідарнасці з украінскім народам.
Чытайце таксама:
Офіс Ціханоўскай чакае пацвярджэння ўкраінскага боку наконт візіту ў Кіеў на наступным тыдні