Там, дзе стагоддзе таму гучала беларуская мова, сёння пануе польская. Што засталося ад беларускіх гаворак у Літве
Стагоддзе таму беларускія гаворкі шчыльна апярэзвалі Вільню. Сёння гэты некалі магутны моўны масіў ператварыўся ў архіпелаг ізаляваных вёсак, дзе мясцовыя жыхары называюць сваю мову «простай», а сябе лічаць палякамі. Беларускія гаворкі на тэрыторыі сучаснай Літвы паступова згасаюць. Самым трывалым іх апірышчам пакуль застаюцца ваколіцы Вільні.
Кляштар францішканцаў у Нарвілішках — усяго за сто метраў за лесам праходзіць літоўска-беларуская мяжа. У Дзевянішкаўскім выступе ўсё перамянілася: калісьці савецкія ўлады перадавалі Літве гэтую тэрыторыю, бо яна была літоўскім моўным анклавам, а цяпер тут утварыўся «скансэн», дзе найлепш захавалася беларуская гаворка. Фота: Wikimedia Commons
У свежым нумары навуковага часопіса Acta Albaruthenica за 2025 год выйшла маштабнае даследаванне польскага лінгвіста з Інстытута славяназнаўства Акадэміі навук Чэхіі Міраслава Янковяка.
Аўтар прааналізаваў працы папярэднікаў за апошнія 120 гадоў і дадаў да іх вынікі ўласных палявых экспедыцый, якія цягнуліся з 2008 па 2025 год. Сабраны матэрыял дазваляе прасачыць, як змяняліся межы нашай мовы на паўночным захадзе.
Амбіцыі БНР
Пунктам адліку ў вызначэнні гістарычных межаў беларускага этнасу традыцыйна лічацца працы Яўхіма Карскага. Падчас сваёй экспедыцыі 1903 года ён зафіксаваў арэал дамінавання беларускіх гаворак.
Карта беларускіх гаворак, складзеная акадэмікам Яўхімам Карскім. Фота: Wikimedia Commons
Лінія ішла ад Дзвінска (Даўгаўпілса) і Езяросаў (былога Новааляксандраўска) праз Свянцяны, захопліваючы Шырвінты і Кернава. Такія населеныя пункты, як Вільня, Немянчын і Майшагола, заставаліся ўнутры беларускамоўнага арэала. Далей на поўдзень мяжа агінала Трокі, ішла праз Еўе і Межырэчча, спускаючыся да Друскенікаў і Сувалак.
Гэтыя ж даныя пазней пацвердзіла Маскоўская дыялекталагічная камісія ў 1915 годзе.
Менавіта навуковы аўтарытэт Карскага і даследаванні Мітрафана Доўнар-Запольскага сталі падмуркам для стварэння вядомай карты Беларускай Народнай Рэспублікі 1918 года.
Яна малявалася ў Берліне да Парыжскай мірнай канферэнцыі і прэтэндавала на ўсе землі, дзе гучала беларуская мова, уключаючы не толькі Віленшчыну, але і Сувалкі з Беластокам.
Міжваенныя парадоксы
Пасля Першай сусветнай вайны і польска-літоўскага канфлікту рэгіён аказаўся падзеленым. На тэрыторыі Віленшчыны, якая ўвайшла ў склад міжваеннай Польшчы, ішлі інтэнсіўныя працэсы паланізацыі.
Польская даследчыца Галіна Турска, вывучаючы мясцовую мову ў канцы 1930‑х гадоў, прыйшла да высновы, што паўднёва-ўсходняя Літва гістарычна была балцкай, затым часткова беларусізавалася, а пасля пачала пераходзіць на польскую.
Моўная сітуацыя на Віленшчыне ў пачатку XX стагоддзя паводле даследаванняў Алойзаса Відугірыса. Зафіксавана складаная зона сутыкнення беларускіх (ружовы), літоўскіх (зялёны) і польскіх (жоўты) гаворак. Фота: Wikimedia Commons
Дзяржаўная адміністрацыя, школа і касцёл рабілі сваю справу: каталіцкае насельніцтва, нават размаўляючы па-беларуску, пачало ўсведамляць сябе палякамі.
Зусім іншая сітуацыя склалася па той бок мяжы, у міжваеннай Літоўскай Рэспубліцы (з цэнтрам у Коўне). Згодна з расійскім перапісам 1897 года, на гэтых землях жыло больш за семдзесят тысяч беларусаў, пераважна ў вёсках каля Трокаў.
Але ўжо літоўскі перапіс 1923 года паказаў катастрафічнае, шаснаццаціразовае падзенне колькасці беларусаў у Літве. Беларусы там ператварыліся ў невялікія моўныя астравы, раскіданыя нават у далёкіх ад сучаснай мяжы раёнах — каля Шаўляў, Цельшаў і Расейнаў.
Савецкія карты і феномен «простай мовы»
У пасляваенны час інтарэс да рэгіёна аднавіўся дзякуючы працы над шматтомным «Слоўнікам беларускіх гаворак паўночна-заходняй Беларусі і яе пагранічча».
У 1960—70‑я гады савецкія лінгвісты фіксавалі беларускую гаворку ў дзясятках вёсак Троцкага, Аранскага, Салечніцкага, Віленскага і Ігналінскага раёнаў Літоўскай ССР.
Даследчыкі пацвярджалі, што на ўсход ад лініі Буйвідзы — Рудаміна — Рудзішкі беларуская мова заставалася пераважным сродкам камунікацыі для старэйшага пакалення.
Свята беларускай песні ў Вялікіх Салечніках. Фота: фэйсбук-суполка Беларускага культурнага цэнтра «Раніца».
Эстафету пераняў прафесар Віленскага ўніверсітэта Валерый Чэкман, які да пачатку нулявых гадоў даследаваў шматмоўе краю.
Ужо тады навукоўцы сутыкнуліся з цікавым сацыялінгвістычным феноменам: мясцовыя жыхары называлі сваю мову не беларускай, а «простай» ці «тутэйшай», пры гэтым ідэнтыфікуючы сябе як палякаў.
Сфера ўжывання гэтай мовы пастаянна звужалася, саступаючы месца афіцыйнай польскай (якая заставалася мовай касцёла і мясцовай інтэлігенцыі), а таксама рускай і літоўскай.
Рэальнасць XXI стагоддзя
У сучаснай лінгвістыцы часам сустракаюцца аптымістычныя ацэнкі. Напрыклад, беларуская даследчыца з Вільні Лілія Плыгаўка яшчэ дзесяць гадоў таму сцвярджала, што беларускія дыялекты сканцэнтраваныя суцэльным масівам уздоўж мяжы і трывала выступаюць сродкам камунікацыі нароўні з польскай мовай.
Аднак сто трыццаць гадзін аўдыязапісаў, зробленых Міраславам Янковякам за апошнія шаснаццаць гадоў, малююць куды больш драматычную карціну: беларушчына сістэматычна выцясняецца.
Этналінгвістычная сітуацыя ў рэгіёне паводле перапісу 2021 года. Зялёным і салатавым колерам пазначаныя тэрыторыі, дзе колькасць тых, хто размаўляе па-літоўску, складае 0-25% і 25-50% адпаведна. Аранжавым і чырвоным — 50-75% і 75-100% адпаведна. Фота: Цэнтр геалінгвістыкі Інстытута літоўскай мовы
Геаграфія гэтага згасання нераўнамерная. У Аранскім раёне беларуская мова прыціснутая да самай мяжы: пушчы аддзялялі славянскія паселішчы ад балцкіх. Гаворку тут яшчэ можна пачуць у вёсках Котра, Рудня, Ракі ці Парамок, але карыстаюцца ёй выключна людзі найстарэйшага пакалення, што азначае яе хуткае знікненне.
Тэрыторыі, дзе праводзіў даследаванні Міраслаў Янковяк у 2008‑2025 гадах.
На ўчастку ад Калеснікаў да Салечнікаў, які раней апісваўся як упэўнена двухмоўны, сёння знайсці беларускамоўнага суразмоўцу — вялікая ўдача. Польская мова тут перамагла канчаткова.
Рэшткі гаворкі даследчык здолеў запісаць толькі ў Даўгіданцах, Гервішках і Канюхах.
Своеасаблівым лінгвістычным скансэнам застаецца так званы Дзевянішкаўскі выступ — тэрыторыя, якая глыбока ўразаецца ў Беларусь. Гістарычна яна была балцкай, але пасля вайны перажыла прыток славянскага насельніцтва. Там беларускую мову яшчэ фіксуюць у Дайлідах, Мількунах, Кракунах ды Нарвілішках.
Такія вёскі, як Шумск пад Вільняй, застаюцца трывалым апірышчам беларускіх гаворак у Літве. Фота: Wikimedia Commons
Самым трывалым апірышчам беларускіх гаворак застаецца Віленскі раён, асабліва вёскі на ўсход і паўднёвы ўсход ад сталіцы: Лаварышкі, Шумск, Масцішчы, Слабада. Гэта адзіны арэал, дзе беларускую гаворку ўсё яшчэ можна запісаць амаль у кожным паселішчы.
У той жа час на поўначы, у Свянцянскім і Ігналінскім раёнах, ідзе імклівая асіміляцыя на карысць літоўскай мовы.
Напрыклад, у славянскім трохкутніку Рымша — Гайды — Відзы яшчэ ў 2014 годзе з дваццаці трох абследаваных вёсак беларускую гаворку ўдалося знайсці толькі ў трох. Усе пакаленні там перайшлі на польскую або рускую, а старыя беларускія астравы вакол Коўна страчаныя канчаткова.
Чытайце таксама:
У памежных вёсках на Віленшчыне беларуская мова працягвае выцясняць літоўскую
Дзевянішкаўскі выступ. Як ён з'явіўся на карце?
Апошнія беларускія галасы. У Латгаліі поўнасцю вымерла беларуская мова