БЕЛ Ł РУС

У Латвію з тэрыторыі Расіі заляцеў і ўзарваўся дрон

25.03.2026 / 10:34

Nashaniva.com

Паводле інфармацыі Нацыянальных узброеных сіл Латвіі, у паветраную прастору Латвіі з боку Расіі ўвайшоў і ўзарваўся дрон. Магчыма, ён быў украінскім, піша Dеlfi.

Паводле звестак Нацыянальных узброеных сіл Латвіі, неапазнаны аб'ект быў зафіксаваны радарамі ў 02:19 ночы. На перахоп адправілася група супрацьпаветранай абароны. Праз некаторы час сістэмы ранняга папярэджання зафіксавалі гук выбуху ў раёне Краслаўскага края — прыкладна ў 13 кіламетрах ад мяжы.

Абышлося без ахвяр і пашкоджанняў інфраструктуры.

Прэм'ер-міністр Латвіі Эвіка Сіліня ў эфіры тэлеканала TV3 паведаміла, што, паводле папярэдніх ацэнак, беспілотнік мог быць украінскім. 

«Мы знаходзімся ля мяжы і адчуваем гэта. Падобныя інцыдэнты адбыліся ў Літве і Эстоніі. У Эстоніі дрон нават закрануў інфраструктуру, але там таксама ніхто не пацярпеў», — адзначыла Сіліня.

Кіраўніца ўрада падкрэсліла, што латвійскія сістэмы абароны спрацавалі належным чынам і своечасова выявілі пагрозу. 

Міністр абароны Латвіі ў момант інцыдэнту знаходзіўся ў Кіеве, ён тэрмінова вяртаецца ў Рыгу.

23 сакавіка беспілотнік таксама заляцеў у Літву, верагодна, з тэрыторыі Беларусі, і выбухнуў за 20 км ад мяжы. Літоўскія радары яго не зафіксавалі.

У Міністэрстве абароны Літвы выказалі здагадку, што гэта быў украінскі беспілотнік з ліку тых, што ляцелі для атакі цэляў на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі і адхіліліся ад свайго курсу пад уздзеяннем сродкаў радыёэлектроннай барацьбы.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула