БЕЛ Ł РУС

Былая зорка «Белсата» Сяргей Падсасонны выходзіць замуж за польскага шляхціца

25.03.2026 / 14:31

Ганна Стафановіч

«Кшыштаф прынёс вялізны букет метровых руж, мы абмяняліся падарункамі. Пачалі збірацца ў оперу, апранулі свае смокінгі. Раптам Кшыштаф узяў мяне за руку, дастаў пярсцёнак…»

Сяргей Падсасонны і Кшыштаф Жэброўскі. Тут і далей фота з фэйсбуку Сяргея

Беларускі журналіст Сяргей Падсасонны, які даўно жыве ў Варшаве, сустрэў сваё каханне яшчэ сем гадоў таму. З палякам Кшыштафам Жэброўскім ён пазнаёміўся на сайце знаёмстваў. Мужчыны пачалі сустракацца і ў хуткім часе зразумелі, што хочуць быць разам.

Сяргей Падсасонны нарадзіўся ў 1981 годзе. Вучыўся ў вясковай школе ў Буда-Кашалёўскім раёне. Скончыў філалагічны факультэт Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта, аспірантуру на гэтым самым факультэце і псіхалагічны факультэт ГДУ. Працаваў настаўнікам рускай, беларускай мовы і літаратуры. У 2004‑2007 быў выкладчыкам рускай філалогіі ў Гомельскім педагагічным універсітэце. З 2007 да 2025 працаваў на «Белсаце». Даследчык творчасці Фёдара Дастаеўскага.

Тры гады таму пара пабудавала агульны дом. Сяргей кажа, што за гэты час было і шмат радасцяў, і шмат праблем пераадолена.

Дарэчы, разам яны працавалі над кніжкай Івонкі Сурвілы. У арыгінале тая была напісана на французскай мове, а Кшыштаф можа перакладаць з яе. Ён таксама вывучыў беларускую, таму дапамагаў Сяргею зрабіць карэктны пераклад.

Учора ў Сяргея і Кшыштафа была сёмая гадавіна знаёмства — яны планавалі адзначыць асабістую для сябе дату ў варшаўскай оперы.

— Я працаваў дзень дома, Кшыштаф прыйшоў з працы і прынёс вялізны букет метровых руж, мы абмяняліся падарункамі. Пачалі збірацца ў оперу, апранулі свае смокінгі. Раптам Кшыштаф узяў мяне за руку, дастаў пярсцёнак… Я спачатку быў агаломшаны і не разумеў, што адбываецца. І ён сказаў, што хацеў бы мне аддаць гэты пярсцёнак і спытаў, ці пагаджуся я.

Сяргей прызнаецца, што прапанова рукі і сэрца стала для яго нечаканасцю. Тым больш, што пярсцёнак, які ён атрымаў ад каханага, мае сваю гісторыю.

— З гэтым пярсцёнкам мама Кшыштафа выходзіла замуж за яго бацьку больш як 50 гадоў таму. Гэта сямейная рэліквія. У іх сям'і пяцёра дзяцей, таму было пытанне, хто ж з іх атрымае гэты пярсцёнак. Гэта, канечне, вельмі вялікая каштоўнасць. Вяршыня 7‑гадовых адносін.

Сяргей жартуе, што ён выходзіць замуж за польскага шляхціца. Бо Кшыштаф належыць да шляхетнага роду, які існаваў яшчэ ў часы Рэчы Паспалітай. Сям'я мае нават свой герб.

Бацькі Кшыштафа

— Польшча даволі кансерватыўная краіна. Як бацькі вашага абранніка паставіліся да вашых адносін?

— Гэта пытанне самапрыняцця. І для мяне, і для Кшыштафа было важна прайсці гэты шлях. Калі ты распавёў сям’і пра свой выбар, яна ці прымае цябе, ці адкідвае. Я не скажу, што гэта быў просты шлях — былі пэўныя размовы. Але з часам усё стала на свае месцы. Людзі разумеюць, што шчасце не мае ні полу, ні нацыі, ні колеру скуры — гэта проста шчасце. Калі тваё дзіця шчаслівае з іншым чалавекам, то гэта самае галоўнае.

Сяргей лічыць, што ў Польшчы больш кансерватыўныя палітыкі, а самі людзі гатовыя прыняць аднаполыя адносіны, бо разумеюць, што гэта ёсць у грамадстве.

— Калі палітыкі пачынаюць казаць, што мы разбураем іх сем’і, няхай адкажуць на пытанне: «Як?». Але такога адказу мы не пачуем, бо ў іх сем’і ніхто не лезе, іх дзецям ніхто не перашкаджае жыць і быць шчаслівымі.

Зарэгістраваць аднаполы шлюб у Польшчы афіцыйна няма магчымасці. Але Сяргей з Крыштафам думаюць аб тым, каб ажаніцца ў нейкай іншай краіне Еўрасаюзу, а потым спрабаваць дамагчыся прызнання шлюбу ў Польшчы праз суд.

Заканчвае размову Сяргей на тым, што разумее, як шмат хэйтараў збярэцца ў каментарах пад гэтым артыкуле на «Нашай Ніве».

— Няхай хэйтары памятаюць, што я ім зычу шчасця. Калі гэтыя людзі будуць шчаслівымі, у іх не будзе жоўці для іншых. Калі ты шчаслівы, у цябе няма часу на тое, каб помсціць, каб крыўдзіць кагосьці. Таму яшчэ раз: шчасця хэйтарам.

Чытайце таксама:

Лідарка «Сумленных людзей» Алена Жываглод атрымала прапанову рукі і сэрца на беразе Атлантычнага акіяну. Але пабрацца шлюбам пакуль не можа

Крысціна Ціманоўская зноў нявеста — з пярсцёнкам ад Tiffany

Прапанову Меліціне Станюце абраннік зрабіў на дзвюх мовах: адна з іх — беларуская

Каментары да артыкула