БЕЛ Ł РУС

На першай у Беларусі крэветкавай ферме будуць разводзіць аўстралійскіх ракаў

25.03.2026 / 14:23

Nashaniva.com

У Ляхавіцкім раёне на першай у Беларусі экаферме па вырошчванні крэветак завялі аўстралійскіх ракаў. Уладальнік фермы Уладзімір Гатоўчыц прывёз з Расіі больш за 1,5 тыс. малькоў і 15 дарослых асобін, піша Office.life.

На экаферме паралельна з лініяй крэветак запусцілі дзве асобныя аўтаномныя — для малькоў аўстралійскага рака. Пры гэтым умовы ўтрымання гэтых двух ракападобных шмат у чым падобныя.

Пашырэнне відаў дазволіць павысіць прывабнасць для турыстаў і экспертнасць у гэтым напрамку, а таксама адпрацаваць працэс вырошчвання нетыповых для Беларусі рачкоў для будучай вытворчасці, адзначыў Уладзімір Гатоўчыц:

Мы адпрацоўваем тэхналогіі і вучымся атрымліваць лічынку, а мэта — мець некалькі відаў ракападобных і ў хуткім часе, спадзяюся, 1—2 віды рыб.

У далейшым, паводле яго слоў, плануецца наладзіць выпуск уласнага корму. У перспектыве гэта стане асновай маштабнай самадастатковай вытворчасці, якая не будзе залежаць ад пасадачнага матэрыялу і кармавой базы.

Бізнэсовец Уладзімір Гатоўчыц запусціў крэветкавую экаферму на пачатку 2025 года ў Альхоўцах, у будынку былой школы. Для развядзення ён прывёз з Астраханскай вобласці крэветак Розенберга. У выніку на запуск і развіццё праекта прадпрымальнік выдаткаваў больш за 1 млн рублёў.

У жніўні мінулага года ён самастойна пачаў разводзіць беларускіх крэветак з ікры, атрыманай у мясцовых умовах. А ў кастрычніку мінулага года на экаферме пачалі праводзіць экскурсіі. Зараз турысты прыязджаюць у Альхоўцы практычна кожныя выходныя.

Пры выхадзе на поўную вытворчую магутнасць фермер разлічвае атрымліваць да 300 кілаграмаў жывых крэветак у месяц.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула