«Свабода патрэбна ўсім еўрапейскім народам без выключэння». Зяленскі па-беларуску павіншаваў беларусаў з Днём Волі
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі апублікаваў у сацсетцы Х віншаванне беларусаў з галоўным нацыянальным святам — Днём Волі. Прытым зрабіў гэта па-беларуску.
Уладзімір Зяленскі і Святлана Ціханоўская падчас сустрэчы ў Вільні 25 студзеня 2026 года. Фота: Офіс Ціханоўскай
«Сёння дзень, які ведае кожны беларус, — Дзень Волі. І гэта дзень народа, які яшчэ мусіць выпакутаваць і здабыць для сябе сапраўдную незалежнасць і рэальную бяспеку.
Беларусь прайшла няпростыя павароты гісторыі, і тое, што ўвагі Еўропы для Беларусі не хапіла ў ключавыя моманты, — гэта факт. Але Беларусь нельга губляць. І дакладна не варта пакідаць па-за ўвагай народ Беларусі.
Тое, што Лукашэнка абраў менавіта гэты дзень для паездкі ў Пхеньян — далей ад свайго народа і бліжэй да сваёй мары пра пажыццёвую сямейную ўладу, — вельмі красамоўна сведчыць пра ягоныя намеры.
Еўропа — гэта супольнасць вольных народаў. Тут не павінна быць месца спадчынным дыктатурам. Тут не павінна быць месца рэжымам, якія зарабляюць гандлем суверэнітэтам і дапамогай у тэроры ды агрэсіях.
Свету патрэбны мір. А значыць, свабода патрэбна ўсім еўрапейскім народам без выключэння. Жадаем волі беларускаму народу і дзякуем тым беларусам, якія стаяць побач з украінцамі ў абароне ад расійскай агрэсіі.
Жыве Беларусь!», — напісаў Уладзімір Зяленскі.
Чытайце таксама:
У Вярхоўнай Радзе Украіны павіншавалі беларусаў з Днём Волі
Прэзідэнт Літвы павіншаваў беларусаў з Днём Волі: «Ваша рашучасць і стойкасць натхняюць»
«Мы абавязкова будзем святкаваць гэты дзень дома». Ціханоўская павіншавала беларусаў з Днём Волі