«Прайшло роўна 15 хвілін». Беларус пад міжнароднай абаронай расказаў, як аформіў маме польскую візу без пасярэднікаў
Антон (імя змененае) даўно не бачыўся з мамай. Яна жыве ў Беларусі, а ён вымушаны быў з’ехаць у Польшчу праз палітычны пераслед і атрымаў міжнародную абарону. Каб сустрэцца, ён вырашыў аформіць запрашэнне і дапамагчы маме атрымаць польскую візу. Спачатку не атрымалася — і беларус уступіў у доўгую перапіску з дыпламатамі. У выніку жанчына атрымала візу адразу на тры гады. Антон распавёў MOST, як ім гэта ўдалося.
Паводле агульнага правіла аформіць запрашэнне для атрымання польскай візы могуць грамадзяне Польшчы, замежнікі з пастаянным відам на жыхарства (сталым побытам або картай рэзідэнта ЕС) і тыя, хто легальна і бесперапынна пражывае ў Польшчы на працягу апошніх пяці гадоў. Аднак для асоб пад міжнароднай абаронай зроблена выключэнне. Яны могуць аформіць запрашэнне раней — але не ваяводскае (праз дзяржорган), а натарыяльнае.
Але далей можа ўзнікнуць праблема ўжо на беларускім баку. Многія не хочуць «свяціць» свой статус міжнароднай абароны ў візавым цэнтры ў Беларусі, каб не падвяргаць лішняму ціску родных, якіх яны запрашаюць. Гэты статус (у форме бежанства або дадатковай абароны) пазначаецца на карце ДНЖ, копія якой уваходзіць у пакет дакументаў, што падаюцца для атрымання візы.
Таму беларусам пад міжнароднай абаронай рэкамендуецца накіраваць консулу электронны ліст з тэмай «Запрашэнне для сваяка ад асобы са статусам міжнароднай абароны». У лісце трэба апісаць сітуацыю і папрасіць прызначыць прыём непасрэдна ў консульстве, каб засцерагчы сваякоў у Беларусі. Прадстаўнік консульства мае права звязацца з заяўнікам напрамую і прызначыць яго сваякам дату для падачы дакументаў на візу.
«Ведаюць двое — ведае свіння»
Антон так усё і зрабіў. Аформіў натарыяльнае запрашэнне як асоба пад міжнароднай абаронай. А затым склаў ліст у консульства Польшчы ў рэгіёне, дзе жыве яго мама. Указаў, што іншых сыноў у жанчыны няма і што польская віза для іх — адзіны спосаб падтрымліваць сямейныя сувязі.
Аднак неўзабаве прыйшоў адказ, у якім маме Антона рэкамендавалася звярнуцца ў візавы цэнтр VFS Global. Гэта патлумачылі абмежаваным персаналам консульства.
Беларус стаў разважаць. Ён ніколі не афішаваў, што атрымаў у Польшчы міжнародную абарону, не пісаў пра гэта ў сацсетках напрыклад. З іншага боку, не хаваў гэтага ад сяброў і знаёмых.
— Я падумаў: ну што за сакрэт для Беларусі, што ў мяне міжнародная абарона? Напэўна, там даўным-даўно ведаюць. Ведаюць двое — ведае свіння, — апісвае ён ход думак. Так вырашылі, што мама ўсё ж рызыкне і запішацца ў візавы цэнтр.
«Буду плаціць»
Жанчына паспрабавала злавіць акенца для падачы дакументаў, але цяпер гэта вельмі складана. Звярнулася да візавых пасярэднікаў, тыя выставілі цэннік за паслугі — 860 рублёў. Для пенсіянеркі сума немалая, але жаданне ўбачыць сына яшчэ большае.
— Усё, Антон, я буду плаціць, — узгадвае суразмоўца яе словы.
Тады мужчына вырашыў паспрабаваць шчасця ў консульстве зноў. Напісаў яшчэ адзін ліст, у якім указаў узрост мамы і папрасіў прызначыць ёй час для падачы дакументаў хаця б у візавым цэнтры.
У консульстве адказалі, што без папярэдняга запісу заявы ў візавым цэнтры могуць падаваць:
- асобы ва ўзросце 55 гадоў і старэйшыя, запрошаныя сужэнцамі, дзецьмі або ўнукамі, пры ўмове, што запрашэнне было зарэгістравана ў ваяводскім упраўленні (ужондзе), а асоба, якая запрашае, мае польскае грамадзянства або дазвол на знаходжанне ў Польшчы;
- асобы ва ўзросце 55 гадоў і старэйшыя, запрошаныя сужэнцамі сваіх дзяцей або ўнукаў, калі сужэнцы з’яўляюцца грамадзянамі Польшчы і пры ўмове, што запрашэнне было зарэгістравана ў ваяводскім упраўленні;
- уладальнікі карты паляка ва ўзросце 60 гадоў і старэйшыя.
«Прабачце, не разабраліся ў вашай сітуацыі»
Кола замкнулася. Зрабіць ваяводскае запрашэнне Антон не можа, бо яшчэ не жыве ў Польшчы пяць гадоў і не атрымаў пастаянны ВНЖ.
Тым не менш ён вырашыў напісаць яшчэ адзін ліст, у якім выклаў сваю пазіцыю: блізкім сваякам асобы пад міжнароднай абаронай павінна быць прадастаўлена магчымасць уезду ў Польшчу на падставе дакументаў, якія пацвярджаюць сямейную сувязь, а запрашэнне можа быць аформлена натарыяльна.
Гэтым разам ліст Антон накіраваў не толькі ў консульства па месцы жыхарства мамы, але і ў МЗС Польшчы.
— Прайшло роўна 15 хвілін, як я адправіў ліст, — тэлефануе дзяўчына: «Прабачце, не разабраліся ў вашай сітуацыі», — апісвае ён.
Суразмоўца папрасіла яго прадубляваць дакументы, якія пацвярджаюць прадастаўленне міжнароднай абароны. І неўзабаве пасля гэтага маме мужчыны прызначылі дату і час для падачы заявы ў консульстве.
Візу жанчына атрымала адразу на тры гады.