БЕЛ Ł РУС

Браты-славяне прадалі Пятрухіну машыну за $1350. Аказалася, абсалютнае ламачча

27.03.2026 / 12:52

Максім Сыраежка

Парогі машыны былі «адрамантаваныя» з дапамогай звычайнай будаўнічай пены, якую зверху зафарбавалі. Матор і каробка перадач былі цалкам у аліве, паўсюль былі працёкі, а счапленне амаль не працавала.

Сяргей Пятрухін. Скрын відэа: narodnireporter / YouTube

Блогеру Сяргею Пятрухіну, які працуе ва Уроцлаве кур’ерам і ездзіць на ровары, сябры вырашылі падарыць аўто. Чым усё скончылася, ён падрабязна расказаў у відэа на сваім канале.

Па словах Пятрухіна, беларусы, якія жывуць у Амерыцы, скінуліся грашыма і прапанавалі яму набыць аўтамабіль, каб ён больш не мусіў працаваць на ровары.

Выбарам машыны займаўся Вадзім, сябар Сяргея з ЗША. Ён праманіторыў старонку пляцоўкі па перапродажы патрыманых машын «Dobre Auto» з Уроцлава і прапанаваў Сяргею некалькі варыянтаў.

Аднак пакуль блогер даехаў да прадаўца, гэтых машын ужо не было ў наяўнасці. Прадавец прапанаваў іншыя варыянты, і ў выніку выбар упаў на сярэбраны дызельны ўніверсал Volkswagen Golf 5 2007 года выпуску за 5000 злотых — гэта каля $1350.

Паколькі пакупнікі знаходзіліся за акіянам, а Сяргей не лічыў сябе экспертам у тэхніцы, машыну аглядалі дыстанцыйна. Сяргей хадзіў вакол аўто з тэлефонам, а Вадзім праз відэасувязь задаваў пытанні прадаўцам. Гандляры — «свае славяне» — запэўнівалі, што тавар у ідэальным стане.

Скрын відэа: narodnireporter / YouTube

«Сярога ў машынах нічога не разумее. Я пытаюся ў гэтага прадаўца: «Як парогі?». Кажа: «Парогі супер». Кажу: «Сярога, паглядзі». Сярога нахіліўся, паглядзеў, кажа: «Ну, нібыта ўсё цэлае». Окей, кажу: «Як счапленне?». Кажуць: «Счапленне працуе». Сярога панаціскаў, той панаціскаў, усё ўключаецца, працуе. Кажа: «Счапленне — агонь». Матор як? Кажа: «Матор таксама, не ў аліве, нічога. Турбіна дзьме, матор ляціць, усё агонь», — згадвае тую размову Вадзім.

Па словах Пятрухіна, прадавец таксама запэўніў яго, што тэхагляд дзейнічае яшчэ амаль год, а страхоўка — да жніўня. Блогер паверыў ім на слова, не праверыўшы дакументы належным чынам.

«Я ж як бы прывык, што мы жывём у Еўропе, а ў Еўропе нармалёвыя людзі», — тлумачыць свой давер Пятрухін.

У выніку было вырашана машыну браць. Сябры пералічылі грошы, і Сяргей стаў шчаслівым уладальнікам аўтамабіля.

Праўда, радасць доўжылася ўсяго некалькі дзён. Першы званочак прагучаў, калі знаёмы Сяргея зазірнуў у дакументы і высветліў: страхоўка скончылася праз тры дні пасля пакупкі. Гэта пагражала велізарным штрафам за пратэрміноўку, які ў Польшчы пачынаецца з 1920 злотых (каля $515) за першыя два дні.

Але сапраўдны шок чакаў Пятрухіна на аўтасэрвісе. Калі механік падняў машыну на пад’ёмнік, высветліўся яе сапраўдны стан.

«Ён машыну падымае і кажа: «Ёкарны бабай, чувак, а што ў цябе тут? Ты што купіў? Пенаблок нейкі?» — перадае Пятрухін словы механіка.

Аказалася, што парогі машыны былі не проста гнілыя, а «адрамантаваныя» з дапамогай звычайнай будаўнічай пены, якую зверху зафарбавалі. Матор і каробка перадач былі цалкам у аліве, паўсюль былі працёкі, а счапленне аказалася амаль нядзейным.

«Гэты аўтамабіль быў у поўным хламе», — згадвае механік.

Пасля гэтага Пятрухін зноў звярнуўся да прадаўцоў, якія размаўлялі па-руску.

«Ну гэта ж славяне, ну браты ж нашыя, братэрскі народ. Думаю: як так? Маладыя такія прыгожыя хлопцы, прыемныя. Думаю: не маглі ж яны падмануць. Ну не ведалі, мусіць. Ну думаю, раз не ведалі, трэба падысці, разабрацца з гэтым пытаннем. Можа, там забяруць машыну назад, я ім пакажу гэтыя ўсе хібы», — распавядае Сяргей.

Аднак прадавец падчас сустрэчы адмовіўся прызнаваць віну, спасылаючыся на тое, што пакупнік сам аглядаў тавар і бачыў, што браў.

Пятрухін адзначыў, што не збіраецца ісці ў суд, бо не бачыць сэнсу «марнаваць на гэта жыццё і грошы». Прадаўцам ён паабяцаў, што надасць выпадку агалоску і раскажа пра ўсё ў сваім фільме.

У выніку прадаўцы ўсё ж пагадзіліся памяняць набыты «Гольф» на Toyota Corolla з даплатай $400.

Чытайце таксама:

«Вы пачынаеце стагнаць, лухту розную гнаць» — філосаф Мацкевіч павучаў блогера Пятрухіна

Блогер Пятрухін уладкаваўся ў Польшчы дастаўшчыкам ежы

Пятрухін расказаў, колькі дапамогі ён атрымаў як былы палітвязень

Каментары да артыкула