МАК забараніў жанчынам-трансгендарам выступаць у жаночых спаборніцтвах
Цяпер права выступаць у жаночых дысцыплінах на Алімпійскіх гульнях і іншых турнірах пад эгідай МОК маюць толькі біялагічныя жанчыны. Гэта будзе вызначацца праз спецыяльны генетычны скрынінг.
Трансгендарная плыўчыха Лі Томас пасля заплыву на 500 ярдаў вольным стылем на студэнцкім чэмпіянаце ЗША ў 2022 годзе. Фота: Kathryn Riley/Getty Images
«Права на ўдзел у любым мерапрыемстве жаночай катэгорыі на Алімпійскіх гульнях ці любым іншым мерапрыемстве МАК, уключаючы індывідуальныя і камандныя віды спорту, цяпер абмежавана біялагічнымі жанчынамі, якія вызначаюцца на аснове аднаразовага скрынінгу гена SRY», — гаворыцца ў паведамленні на сайце МАК.
Раней гэтае пытанне выклікала спрэчкі. Крытыкі ўдзелу трансгендарных спартсменак сцвярджалі, што пасля мужчынскага палавога развіцця ў трансгендарных спартсменак застаюцца фізічныя перавагі, якія не цалкам знікаюць нават пасля гарманальнай тэрапіі.
У сваю чаргу, прыхільнікі допуску казалі, што забарона парушае правы чалавека, а гарманальная тэрапія, маўляў, выраўноўвае ўмовы.
Раней МОК не ўводзіў жорсткіх правіл і дазваляў міжнародным федэрацыям самім вырашаць гэтае пытанне. Але пасля спрэчак вакол алімпійскіх спаборніцтваў 2024 года падыход перагледзелі.
У 2025—2026 гадах кіраўніцтва МОК зрабіла акцэнт на «абароне жаночай катэгорыі», і ў выніку былі ўведзеныя больш строгія агульныя правілы.
Новыя правілы пачнуць дзейнічаць з Алімпіяды, якая пройдзе ў 2028 годзе ў амерыканскім Лос-Анджэлесе. На масавыя або аматарскія спартыўныя спаборніцтвы яны распаўсюджвацца не будуць.
Падставай для рэформы сталі скандалы вакол некалькіх атлетак — у прыватнасці, амерыканскай плыўчыхі Ліі Томас, якая раней выступала ў мужчынскай лізе, і новазеландскай цяжкаатлеткі Лорэл Хабард, якая змяніла катэгорыю ў 35 гадоў.
Чытайце таксама:
МАК збіраецца забараніць спартоўцам-трансгендарам удзельнічаць у жаночых спаборніцтвах
Трамп забараніў трансгендарным спартсменкам удзельнічаць у жаночых спаборніцтвах
Алжырка, якую цкавалі ў інтэрнэце, выйграла золата Алімпіяды
За гендарным скандалам на Алімпіядзе ў Парыжы стаіць Расія
Сацсеткі выбухнулі пасля спрэчнага эпізоду на адкрыцці Алімпійскіх гульняў