БЕЛ Ł РУС

Літоўскія перавозчыкі расказалі, ці будуць яны цяпер ездзіць праз Беларусь

26.03.2026 / 22:13

Nashaniva.com

Прадстаўнікі перавозчыкаў расказалі, што частка літоўскіх кампаній працягне ездзіць транзітам праз Беларусь, пакуль не будзе выразнага сігналу ад уладаў. Іншыя ўжо мяняюць маршруты або нават пераносяць бізнэс у іншыя краіны, піша Delfi.lt.

Здымак ілюстрацыйны. Фота: «Наша Ніва»

Па словах перавозчыкаў, сітуацыя ўскладнілася пасля таго, як беларускія ўлады пачалі выпускаць літоўскія фуры толькі пасля аплаты за стаянку. У сярэднім за адзін цягач трэба заплаціць каля 6000 еўра, і для многіх кампаній гэта сур’ёзная нагрузка.

З-за рызыкі і нестабільнасці кліенты ўсё часцей адмаўляюцца ад паслуг літоўскіх перавозчыкаў і выбіраюць польскія або латвійскія кампаніі, якія паступова займаюць гэты рынак. Асабліва гэта закранае маршруты ў краіны Цэнтральнай Азіі і Кітай, дзе раней выкарыстоўваўся шлях праз Беларусь і Расію.

Хоць фармальна транзіт праз гэтыя краіны магчымы і не парушае санкцый, узнікае палітычнае і этычнае пытанне — ці варта бізнэсу працягваць так працаваць. Альтэрнатыўны «паўднёвы калідор» існуе, але ён значна даўжэйшы і даражэйшы, а кліенты не гатовыя плаціць больш.

Літоўскія перавозчыкі адзначаюць, што калі будзе выразнае палітычнае рашэнне, то яны могуць адмовіцца ад працы з беларускім напрамкам. Аднак пакуль такой яснасці няма, сітуацыя застаецца нявызначанай.

Таксама адзначаецца, што частка бізнэсу ўжо пераносіць дзейнасць у іншыя краіны, напрыклад у Латвію ці Польшчу. Але гэта звязана не толькі з праблемамі транзіту праз Беларусь, а і з агульнымі цяжкасцямі ў сектары — падаткамі і недахопам працоўнай сілы.

Чытайце таксама:

Мінск выдае за «зніжкі» звычайныя тарыфы «Белмытсэрвіса». Колькі заплацяць за прастой фур літоўскія перавозчыкі?

Колькі грошай возьмуць з літоўскіх перавозчыкаў за тое, што Лукашэнка не выпускаў іх фуры з Беларусі

Лукашэнка адпускае літоўскія фуры

Да раніцы серады ў Літву з Беларусі вярнуліся 33 грузавікі

Каментары да артыкула