Пуцін на закрытай сустрэчы з буйнымі бізнэсменамі прапанаваў ім добраахвотна прафінансаваць вайну з Украінай
У чацвер прэзідэнт Расіі правёў закрытую сустрэчу з буйнымі бізнэсменамі. Паводле крыніц The Bell, Пуцін абмеркаваў з алігархамі працяг вайны і яе фінансаванне.
Фота: Alexander Kazakov, Sputnik, Kremlin Pool Photo via AP
«Сказалі, будзем ваяваць», — пераказвае сутнасць выступлення Пуціна адзін з суразмоўцаў, знаёмы са зместам размовы. «Пойдзем да межаў Данбаса», — пераказвае іншы.
Пасля гэтага Пуцін прапанаваў бізнэсменам рабіць добраахвотныя ўнёскі ў бюджэт, сцвярджаюць абодва.
Паводле слоў аднаго з суразмоўцаў, ідэя «патрэсці бізнэс у цяжкі для краіны час» належыць кіраўніку «Раснафты» Ігару Сечыну, які напярэдадні выклаў яе ў лісце Пуціну. У якасці механізму прыцягнення сродкаў у лісце прапаноўвалася размясціць ваенныя аблігацыі.
Некаторыя бізнэсмены адгукнуліся на просьбу проста на сустрэчы. Сулейман Керымаў паабяцаў унесці 100 млрд рублёў (1,5 млрд даляраў), сцвярджае адзін з суразмоўцаў The Bell і пацвярджае другі.
Ідэю падтрымаў яшчэ як мінімум адзін буйны бізнэсмен, які прысутнічаў на сустрэчы, праўда суму свайго ўнёску ён не назваў.