Ёсць толькі восем беларускіх гарадоў, якія не выміраюць. Вось поўны спіс
І яшчэ ёсць сем пасёлкаў гарадскога тыпу, у якіх таксама павялічвацца насельніцтва.
Ратуша з Чачэрску. Фота: Wikipedia / Уладзімір Сарокін
Колькасць насельніцтва Беларусі за 2025 год скарацілася на 53 тысячы чалавек. Зменшылася колькасць жыхароў і ў Мінску, і ў абсалютнай большасці гарадоў. Але ўсё ж ёсць некалькі пазітыўных выключэнняў.
Налічылася толькі восем гарадоў, якія прыраслі ў мінулым годзе:
| № | Горад | па стане на 1.1.2025 | па стане на 1.1.2026 | Прырост |
| 1 | Гродна | 363 718 | 364 902 | +1184 |
| 2 | Брэст | 346 061 | 347 138 | +1077 |
| 3 | Смалявічы | 23 721 | 24 402 | +681 |
| 4 | Астравец | 15 265 | 15 530 | +265 |
| 5 | Чачэрск | 8 926 | 8 958 | +32 |
| 6 | Фаніпаль | 18 684 | 19 006 | +22 |
| 7 | Чэрвень | 10 595 | 10 617 | +22 |
| 8 | Дуброўна | 6 945 | 6 946 | +1 |
Лідары па прыросце — заходнія абласныя цэнтры. Таксама ў плюсе гарады вакол Мінска. А таксама Астравец, насельніцтва якога няспынна расце ад моманту будаўніцтва АЭС.
Адзначым Маларыту, дзе раўнюсенька трымаюцца тыя самыя 12 593 чалавек, што і год таму.
Апроч таго, варта згадаць сем пасёлкаў гарадскога тыпу, якія таксама прыраслі за 2025 год.
| № | Пасёлак гарадскога тыпу | па стане на 1.1.2025 | па стане на 1.1.2026 | Прырост |
| 1 | Мачулішчы | 10653 | 10869 | +236 |
| 2 | Мір | 2248 | 2290 | +42 |
| 3 | Дамачава | 1136 | 1162 | +26 |
| 4 | Гарадзея | 3563 | 3576 | +13 |
| 5 | Казлоўшчына (Дзятлаўскі раён) | 1437 | 1442 | +5 |
| 6 | Старобін | 6417 | 6418 | +1 |
| 7 | Івянец | 3805 | 3806 | +1 |
Сітуацыя з Мачулішчамі тлумачыцца проста — дастаткова аднаго новага заселенага шматпавярховіка, каб атрымаць такі прырост насельніцтва. Ад Мачулішчаў усяго 5 км да МКАДа, таму пасёлак можна ўспрымаць як працяг Мінска.
Апроч таго, хутчэй за ўсё, традыцыйна павялічылася насельніцтва «вёсак» вакол Мінска накшталт Копішча, якое па сутнасці з'яўляецца часткай сталіцы, але фармальна адносіцца да Мінскага раёна. Аднак сельскія населеныя пункты не ўваходзяць у штогадовую справаздачу Белстата. Агулам жа насельніцтва Мінскага раёна вырасла на 6500 чалавек.