БЕЛ Ł РУС

Прэм'ер Літвы: Можна разгледзець сустрэчу з Беларуссю на ўзроўні віцэ-міністраў, але ў Вільні ёсць умовы

27.03.2026 / 13:10

Nashaniva.com

Інга Ругінене зазначае, што яна не абмяркоўвала транзіт беларускага калію.

Фота: Foto Olimpik/NurPhoto via Getty Images

Прэм'ерка Літвы Інгa Ругінене заявіла, што Літва разгледзець прапанову Джона Коўла правесці сустрэчу з Беларуссю на ўзроўні віцэ-міністраў, аднак для гэтага існуюць некалькі ўмоў, паведамляе LRT.

Пры гэтым кіраўнік літоўскага ўрада падкрэсліла, што з амерыканскім пасланнікам яна не абмяркоўвала транзіт беларускіх угнаенняў — для гэтага няма ўмоў, бо зараз дзейнічаюць санкцыі Еўрапейскага саюза.

«З пасланнікам ЗША ні на якім узроўні не размаўлялі пра транзіт угнаенняў праз Літву. Мы гаварылі пра шары, пра вяртанне грузавікоў, пра незаконную міграцыю — пра гэта мы сапраўды размаўлялі, бо гэта нашы ўмовы для сустрэчы з Беларуссю на ўзроўні віцэ-міністраў», — сказала прэм’ер І. Ругінене парталу LRT.lt.

Па словах прэм’ер-міністра, Літва выстаўляе Беларусі наступныя ўмовы: па-першае, праз мяжу не павінны праходзіць шары, якія выкарыстоўваюцца для кантрабанды; па-другое, усе грузавікі павінны быць вернутыя без якіх-небудзь дадатковых збораў ці фінансавых штрафаў; па-трэцяе, Беларусь павінна не дапускаць незаконных мігрантаў праз мяжу.

«Мы гаворым толькі пра сустрэчу тэхнічнага характару, прызначаную для абмену пазіцыямі. Такая сустрэча можа адбыцца пасля выканання гэтых умоў», — сказала прэм’ер.

І. Ругінене падкрэсліла, што хоць колькасць шароў, якія пералятаюць праз мяжу, крыху скарацілася, гэта адбылося таксама дзякуючы актыўнай барацьбе Літвы з кантрабандай. Між тым у чацвер увечары работа Віленскага аэрапорта зноў была прыпыненая на гадзіну. 

Беларусь таксама выпусціла ў Літву частку грузавікоў, якія былі затрыманыя, аднак пры гэтым патрабуе ад перавозчыкаў аплаціць іх стаянку на пляцоўках.

«Што тычыцца ўгнаенняў, мы нічога не можам абмяркоўваць, бо зараз дзейнічаюць санкцыі Еўрапейскага саюза», — заявіла прэм’ер.

Чытайце таксама:

«Трэба сесці і размаўляць». Коўл заявіў пра неабходнасць дыялогу паміж Беларуссю і Літвой на ўзроўні міністраў

Каментары да артыкула