БЕЛ Ł РУС

Драўляны канструктывізм пад коўш: у Гродне знішчылі адзін гістарычны дом і ўзяліся за другі

29.03.2026 / 18:34

Ф. Раўбіч

Гродна губляе ўнікальныя ўзоры драўлянага дойлідства міжваеннага перыяду. За кароткі час горад страціў гістарычны будынак на вуліцы Асіпенкі, за які краязнаўцы змагаліся некалькі гадоў, і пачаў разборку вядомага зялёнага дома на скрыжаванні вуліц Міцкевіча і Мітрапаліта Філарэта. Абодва аб'екты чакае падобны лёс: на іх месцы абяцаюць узвесці «копіі», якія наўрад ці захаваюць аўтэнтычны дух арыгіналаў.

Канец «Настаўніцкай калоніі»

Дом №3 па вуліцы Асіпенкі, будынак 1930‑х гадоў, быў часткай унікальнага ансамбля так званай «Настаўніцкай калоніі» — комплексу жылых дамоў, збудаваных у стылі драўлянага канструктывізму для выкладчыкаў суседняй школы.

Дом да 2019 года

Да 2015 года дом заставаўся жылым і знаходзіўся ў цалкам здавальняючым стане, уключаючы ідэальны сутарэнны паверх. Аднак камунальныя службы прызналі яго непрыдатным і ў сакавіку 2019 года пачалі дэмантаж: рабочыя паспелі зняць дах. Тады гродзенскаму гісторыку Мечыславу Супрону ўдалося здзейсніць цуд: ён трапіў на прыём да тагачаснага старшыні гарвыканкама Мечыслава Гоя і літаральна за 10 хвілін да канчатковага разбурэння спыніў працу тэхнікі.

Дом, пакінуты без даху. Фота: blisch.by

Улады паабяцалі выставіць дом на аўкцыён, каб даць яму шанц на выратаванне. Але без даху будынак прастаяў пад дажджом і снегам некалькі гадоў, паступова губляючы свой рэсурс. Урэшце ў канцы 2022 года ўчастак выставілі на таргі з новай умовай: не для захавання арыгінала, а пад праектаванне і будаўніцтва новага дома з патрабаваннем «аднавіць фасады ў стылістыцы драўлянай архітэктуры» з выкарыстаннем дрэва і захаваннем прапорцый.

Знос дому. Фота: Мечыслаў Супрон

Знос дому. Фота: Мечыслаў Супрон

Знос дому. Фота: Мечыслаў Супрон

Знос дому. Фота: Мечыслаў Супрон

І вось 26 сакавіка 2026 года Мечыслаў Супрон паведаміў на сваёй старонцы ў Facebook: дом знеслі канчаткова. Гісторыя выратавання завяршылася фізічным знішчэннем помніка архітэктуры.

Гасцініца замест аўтэнтыкі на Міцкевіча

Падрыхтоўка да будаўніцтва на месцы гістарычных будынкаў. Фота: Newgrodno.by 

Падрыхтоўка да будаўніцтва на месцы гістарычных будынкаў. Фота: Newgrodno.by 

Амаль адначасова з гэтым пачаліся работы на іншым знакавым аб'екце — драўляным зялёным доме на скрыжаванні вуліц Міцкевіча і Мітрапаліта Філарэта. Гэты прыкметны будынак доўгі час стаяў пустым, пакуль яго не выкупіла прыватная кампанія.

Як паведамляе партал Newgrodno.by, першапачаткова планавалася захаваць дом і гарманічна ўпісаць яго ў аб'ём новай пабудовы. Аднак нядаўна інвестар абвясціў будынак аварыйным, і цяпер яго цалкам разбяруць. На месцы гістарычнай пабудовы з'явіцца трохпавярховая гасцініца на 21 нумар з рэстаранам на першым паверсе.

Падрыхтоўка да будаўніцтва на месцы гістарычных будынкаў. Фота: Newgrodno.by 

Падрыхтоўка да будаўніцтва на месцы гістарычных будынкаў. Фота: Newgrodno.by 

Забудоўшчык абяцае, што новы гмах будзе выкананы «ў такім жа стылі». Аднак тэлеграм-канал Urban Hrodna адзначае, што апублікаваныя праекты істотна адрозніваюцца ад арыгінала: аб'ём будучага будынка значна павялічыцца, і казаць пра дакладнае аднаўленне гістарычнага аблічча ўжо не даводзіцца.

Рэндар праекта на месцы зялёнага дома на скрыжаванні вуліц Міцкевіча і Мітрапаліта Філарэта. Фота: Newgrodno.by

Практыка замены аўтэнтычных будынкаў на сучасныя «копіі» з павелічэннем плошчаў паступова сцірае гістарычную тканіну Гродна, большая частка якой або не знаходзіцца пад аховай, або толькі фармальна прызнаецца каштоўнай.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула