БЕЛ Ł РУС

Памёр галівудскі акцёр Джэймс Толкан

28.03.2026 / 17:19

Nashaniva.com

Памёр амерыканскі акцёр Джэймс Толкан, вядомы па ролях у фільмах «Назад у будучыню» і «Топ Ган». Яму было 94 гады. Толкан пайшоў з жыцця 26 сакавіка ў горадзе Саранак-Лэйк у штаце Нью-Ёрк.

Джэймс Толкан (злева) у ролі дырэктара школы містара Стрыкленда ў фільме «Назад у будучыню»

Нарадзіўся акцёр у 1931 годзе ў штаце Мічыган, служыў у ВМС ЗША, пасля чаго вывучаў акцёрскае майстэрства ў Нью-Ёрку.

Найбольш Джэймс Толкан запомніўся гледачам як строгі дырэктар школы містэр Стрыкленд у трылогіі «Назад у будучыню» (1985). У гэтых фільмах ягоны герой пастаянна называў вучняў «гультаямі». У трэцяй частцы акцёр сыграў яшчэ і дзеда свайго персанажа.

У «Топ Ган» (1986) ён выканаў ролю строгага камандзіра, які крытыкуе героя Тома Круза за небяспечныя паводзіны.

Увогуле за сваю кар’еру Толкан сыграў дзясяткі роляў у кіно і на тэлебачанні, часта ўвасабляючы строгіх і ўладных персанажаў. Ён таксама здымаўся ў фільмах рэжысёраў Вудзі Алена («Каханне і смерць») і Сідні Люмета («Серпіка», «Прынц горада» і «Сямейны бізнэс»).

Сям’я Толкана пасля ягонай смерці папрасіла ў памяць пра яго ахвяраваць сродкі ў прытулкі для жывёл або арганізацыі па іх абароне.

Чытайце таксама:

Гэтая акторка атрымала найбольш «Оскараў» у гісторыі — але ніколі не прыходзіла іх атрымліваць

Уладальнік OnlyFans памёр у 43 гады

Памёр экс-прэм'ер Францыі Ліянэль Жаспэн

Каментары да артыкула