БЕЛ Ł РУС

Зміцер Дашкевіч: Ты не маеш права інтарэсы Беларусі ставіць вышэй за сям’ю

31.03.2026 / 10:00

Nashaniva.com

У новым выпуску праекта «ТОК» былы палітвязень і лідар «Маладога фронту» Зміцер Дашкевіч падзяліўся вельмі асабістымі і балючымі момантамі, якія ён перажыў у зняволенні.

Зміцер згадаў выпадак, пра які даведаўся з ліста, што яму напісала жонка Наста. Па яго словах, гэты выпадак «проста збіў з ног» яго і прымусіў пераацаніць сваё жыццё.

У сваім лісце Наста расказала пра выпадковую сустрэчу з суседкай, якая паспачувала, як ёй цяжка адной спраўляцца з дзеткамі, пакуль муж за кратамі. Наста пагадзілася, што са Змітром было прасцей. Але іх сын Давід, якому тады было каля 7 гадоў, запярэчыў маці: «Няпраўда, тата калі быў з намі, ён увесь час пісаў лісты».

«Мяне гэта так ударыла ў камеры. Разумееш, вось што дзіця запомніла, як ён гэта перажываў. Табе здаецца, гэта святая справа, трэба напісаць людзям, падтрымаць, а ты занядбаў сваё дзіця. І ён узгадвае там праз год: «Тата лісты пісаў». Ён хацеў, можа, недзе там пагуляцца ці каб я яму час прысвяціў, а я ўвесь вольны час пасля працы сядаў і пісаў. (…)

Гэта разуменне гадамі да мяне прыходзіла, наколькі сям’я важнейшая за любы актывізм. Калі ты занядбаў сваю сям’ю сваім актывізмам — гэта ўсё марна, гэта можа быць няправільнае ўкладанне.

Хоць табе здаецца, што ты робіш святую і важную справу. І яна сапраўды святая і важная. Але ты не маеш права, ты не можаш яе рабіць коштам сваёй сям’і. Я, на жаль, часта ў гэтым грашыў. Коштам сваёй сям’і я змагаўся за Беларусь і прысвячаў сябе змагарам».

Па словах Змітра, галоўнай навукай апошніх гадоў стала разуменне: «Ты не маеш права інтарэсы Беларусі і Беларусь ставіць вышэй за сям’ю. Першае, што ты павінен рабіць, і першае, дзеля чаго ты павінен ахвяравацца, — гэта для сваёй сям’і. І толькі пасля гэтага ты можаш нешта рабіць для Беларусі».

Сям'я Дашкевічаў. Фота: zmitser_dashkevich / Instagram

Дашкевіч прызнаецца: пасля прысуду ў 2022‑м яму яшчэ здавалася, што можна проста адседзець тэрмін і вярнуцца дадому, што тэрор скончыцца сам сабой. Аднак за некалькі гадоў зняволення было шмат дзён, якія ён называў «самы жахлівы дзень у маім жыцці». І гэтымі днямі былі дні, калі яго пераарыштоўвалі ў той момант, калі ён павінен быў выйсці на волю.

«Вось я павінен быў выходзіць, жонка, дзеці чакаюць мяне дома. Мне бранзалеты на рукі на КП. «Дзеці, тата ваш сёння не прыйдзе». Дзеці ў слёзы: «А заўтра?» — «І заўтра не прыйдзе». — «А калі прыйдзе?» Гэта былі страшныя, страшныя дні. Ну, мы ўсё прайшлі, слава Богу.

І дзякуй кожнаму чалавеку, які падтрымліваў нас, маліўся, карміў нашу сям’ю, дапамагаў. Гэта многія-многія людзі, якія неслі са мной гэты крыж, якія гадавалі маіх дзетак, падтрымліваючы і знаходзячыся ў Беларусі, і знаходзячыся ў выгнанні», — кажа былы палітвязень.

Чытайце таксама:

Неймаверная гісторыя кахання Змітра і Насты Дашкевіч

«Я не ведаю, што сказаць дзецям». Змітра Дашкевіча не выпусцілі з калоніі

«Дзеля сваіх дзетак, каб да іх вярнуцца». Дашкевіч расказаў, як трапіў у «нізкі статус» і як ад яго патрабавалі прашэнне аб памілаванні

Каментары да артыкула