БЕЛ Ł РУС

Грошы беларуса 10 гадоў ляжалі ў банку на дэпазіце. Што з імі стала за гэты час?

28.03.2026 / 23:07

Nashaniva.com

Заробак Уладзіміра заўсёды быў блізкі да сярэдняга па краіне, але яго фінансавая гісторыя можа вас здзівіць: у мужчыны больш за сотню дэпазітаў, а нядаўна ён забраў з банка ўклад, які праляжаў там 10 гадоў. Тады ён уклаў суму, большую за свой гадавы заробак, і, як прызнаецца сам, не мог дакладна ведаць, што здарыцца за такі доўгі час. Днямі Уладзімір вярнуў уклад і працэнты — выданне «Анлайнер» расказала, чым скончылася гэта гісторыя.

«2014 год — я прагарэў»

«Давайце адразу дамовімся: я не хачу выглядаць героем гісторыі поспеху ў духу «ўклаў — разбагацеў». У гэтым мала карысці. Ну купіў нехта кватэру за $38 тысяч, а зараз яна каштуе $65 тысяч — выдатна, можна парадавацца. Але што рабіць чытачу сёння? Машыны часу няма. Пытанне заўсёды адно: што рабіць з грашыма зараз, — пачынае свой расказ Уладзімір. — У любым выпадку мэта не ў тым, каб даваць нейкія там рэкамендацыі людзям, а паказаць, як яно бывае».

Уладзімір пачаў актыўна займацца дэпазітамі пасля дэвальвацыі 2011 года. Яго заробак быў блізкі да сярэдняга па краіне, калі пераводзіць у валюту — у раёне $200—300.

Трохі кантэксту, як выглядала сітуацыя з укладамі: тады стаўкі ў беларускіх рублях даходзілі да 50—60% гадавых. Зараз гучыць як фантастыка, але гэта было рэальнасцю.

«Курс пры гэтым поўз уверх, усе асцерагаліся новай дэвальвацыі. І на гэтым фоне з’явілася цэлая стратэгія: людзі гулялі на дэпазітах. На форумах, у тым ліку на «Анлайнеры», абмяркоўвалі гэтую тэму — я таксама актыўнічаў на вашым форуме з 2012-га».

Уладзімір звяртае ўвагу, што першапачаткова ён не быў інвестарам з нейкім буйным капіталам, а яго праца далёкая ад фінансавай сферы — тым не менш, ён вядзе фінансавы блог і дзеліцца сваім вопытам.

У 2012 годзе ён удала з’ездзіў у камандзіроўку і атрымаў адразу гадавы заробак ці нават крыху больш — гэта можна лічыць момантам, калі ён пачаў ашчаджаць.

Потым была дэвальвацыя 2014 года. Яе наступствы для сваіх ашчаджэнняў у рублях мужчына апісвае лаканічна: «На чымсьці я пагарэў, канешне, было непрыемна».

У 2016 годзе дэпазіты падзяліліся на адзыўныя (можна зняць раней за тэрмін) і безадзыўныя (нельга зняць датэрмінова). У апошніх працэнты, вядома, вышэйшыя, але і ўмовы больш жорсткія.

«Укладчыкам стала крыху складаней. І тут прыходзіць сакавік 2016 года, з’яўляецца дэпазіт пад 30% на 3, 5, 10 гадоў.

Да гэтага наогул усе размяшчалі грошы на месяц, на тры, на паўгода, ну, можа, на год. Ты думаеш: зараз зойдзеш пад 30% — а раптам праз год будзе 40%?»

У выніку Уладзімір аднёс у банк так званыя «закладкі» на 200 недэнамінаваных тысяч — адкрыў уклады на невялікія сумы, каб была магчымасць зафіксаваць умовы.

«Тады гэта была нармальная практыка: людзі літаральна бегалі па банках, лавілі стаўкі».

Потым з’явілася інфармацыя, што дадатковыя ўнёскі будуць закрываць, і мужчына папоўніў уклады. Такім чынам, у 2016 годзе на ўкладзе на 3 гады аказалася 10 200 000 рублёў (1020 рублёў пасля дэнамінацыі), на ўкладзе на 5 гадоў — 40 200 000 рублёў (4020 рублёў пасля дэнамінацыі), на ўкладзе на 10 гадоў — 50 200 000 рублёў (5020 рублёў пасля дэнамінацыі).

Для больш простага разумення адзначым, што ў суме гэта было каля $5 тысяч — больш за гадавую зарплату Уладзіміра на той момант. Але ў той жа час гэта была сума, якой ён мог рызыкнуць.

«Я ўклаў не ўсе свае грошы. І гэта прынцыпова: нельга гуляць сумамі, страта якіх у выпадку няўдачы проста «вынесе» цябе з рынку або пакіне наогул без усяго, — папярэджвае мужчына. — Рызыкаваць варта толькі той сумай, страту якой вы спакойна перажывеце».

«Праз год зразумеў, як я памыліўся»

Паколькі ўсе тры ўклады былі безадзыўныя, заставалася толькі чакаць працэнты, што капалі кожны месяц.

«Але я ўжо праз год зразумеў, як памыліўся: тады дэпазіты сталі пад 17%, 15%, нават 12%. Атрымліваецца, што ў 2016‑м трэба было ўсё кідаць мінімум на 5 гадоў, а лепш на 10. Лепшым рашэннем тады было фіксавацца на максімальна доўгі тэрмін, але хто пра гэта ведаў?»

Колькі ў выніку выйграў Уладзімір? Па 10‑гадовым дэпазіце ён атрымаў працэнтамі каля 14—15 тысяч рублёў пры ўкладанні 5 тысяч.

«Раней курс быў 2 рублі за даляр, стаў 3 — валюта падаражэла амаль на 50%. Дэпазіт даваў 30% гадавых, а значыць, эфектыўная даходнасць склала прыкладна 25% гадавых. То-бок нават з аслабленнем рубля дэпазіт усё роўна застаўся выгадным, — кажа ён. — Калі лічыць груба, то па 10‑гадовым дэпазіце ў мяне атрымалася каля 14—15 тысяч рублёў — гэта прыкладна ў тры разы больш за першапачатковую суму. Плюс яшчэ працэнты, якія капалі з іншых укладаў — у суме выходзіць больш за 20 тысяч.

Але я адразу скажу: гэта не нейкая ўнікальная гісторыя ў духу «пашанцавала, як з біткоінам». Дэпазіты тады былі даступныя ўсім, ніхто не замінаў зайсці пад 30%. Іншае пытанне, што ў кожнага была свая сітуацыя».

На жаль, паўтарыць гэта ўжо нельга

Уладзімір падкрэслівае: зараз мы не можам вярнуцца ні ў 2016‑ты з яго высокімі стаўкамі, ні ў 2022-гі, калі было акно магчымасцяў і працэнты зноў выраслі. Гэтую гісторыю нельга проста ўзяць і паўтарыць. Але ёсць 2026-ты, і там таксама ёсць магчымасці — проста яны іншыя.

Лагічнае пытанне: куды пойдуць працэнты з 10‑гадовага ўкладу? Падобна на тое, вы ўжо здагадаліся: Уладзімір адпраўляе працэнты з дэпазітаў на новыя дэпазіты.

«Я для сябе, напрыклад, вызначыў: калі бачу 20% гадавых у беларускіх рублях, я заходжу. Зараз такіх ставак амаль няма, але ёсць складаны працэнт (калі даход ад укладу штомесяц дадаецца да сумы і на яго таксама налічваюцца працэнты). А яго многія недаацэньваюць.

Калі ўзяць тыя ж 5 тысяч і ўявіць, што дэпазіт пад 30% быў бы з капіталізацыяй і без зняцця працэнтаў, за 10 гадоў атрымалася б каля 97 тысяч — амаль ×20. Але ў рэальнасці так амаль ніхто не робіць: заўсёды хочацца зняць, патраціць, недзе падстрахавацца. Таму зараз я стараюся выбіраць дэпазіты з капіталізацыяй і магчымасцю папаўнення і працаваць на доўгай дыстанцыі».

Кароткія дэпазіты Уладзімір практычна не разглядае, бо праз год зноў аказваецца ў тым жа самым пункце: грошы на руках, стаўкі ўжо ніжэйшыя, і трэба думаць, куды іх прыстроіць.

— Таму я для сябе гуляю на гарызонце 3—5 гадоў, часам даўжэй. Мой партфель на 60—70% складаецца з беларускіх рублёў, астатняя частка — у валюце.

Часта пытаюцца: а што, калі грошы спатрэбяцца? Тады ў мяне сустрэчнае пытанне: а навошта вы іх збіраеце? Спачатку павінна быць мэта: машына праз два гады, кватэра праз пяць, проста ашчаджэнні. І ўжо пад гэта будуецца стратэгія. Можна зрабіць «лесвічку»: частку на год, частку на два, частку на тры-пяць гадоў. Але, калі шчыра, мой вопыт паказвае, што потым часцей шкадуеш, што не паклаў на больш доўгі тэрмін.

— Якая тады мэта ў вас?

— Купіць новую машыну да 2030 года. Пад яе сабраны асобны партфель — каля 11—12 тысяч рублёў, дэпазіт з даходнасцю каля 16%, але за кошт капіталізацыі фактычна выходзіць больш за 20% гадавых. Але такіх умоў у банках зараз амаль няма.

Пры гэтым зняць працэнты раней за тэрмін немагчыма, але стаўка прывязаная да стаўкі рэфінансавання: калі яна вырасце, даходнасць дэпазіта аўтаматычна павялічыцца. У цяперашні час Уладзімір ацэньвае даходнасць свайго дэпазіта праз чатыры гады прыкладна ў 23%.

— Так гэта, ці я насамрэч памыляюся? Можам сустрэцца праз чатыры гады, і я раскажу.

— Многія скажуць: каб вось так захоўваць грошы доўгі тэрмін, трэба валодаць жалезнымі нервамі. Калі даляр рэзка рос ці падаў, ці не было трывогі з улікам укладаў у беларускіх рублях?

— Вельмі складана прадказаць, што будзе з далярам. Таму што гэта немагчыма. У 2022 годзе курс даходзіў да 3,6—3,8 рубля, потым адкаціўся да 2,7—2,8. Хто мог гэта прадказаць? Ніхто.

Мяне часам пытаюцца, што я адчуваў у такія моманты, калі ў мяне ўклад у беларускіх рублях. Нічога асаблівага. Таму што да таго моманту я ўжо адбіў укладанні ў 2—2,5 раза. Далей гэта ўжо пытанне не выжывання, а дадатковай даходнасці.

Чаму я дагэтуль застаюся ў дэпазітах? Таму што лічу, што гэта просты і зразумелы інструмент з мінімальнымі рызыкамі. Так, можна глядзець у бок аблігацый, але ў Беларусі зараз сітуацыя такая, што дэпазіт дае ўмоўныя 15%, аблігацыі — 16—18%. Розніца невялікая, дзеля 1—2% я туды не іду.

Банкаўскія дэпазіты можна выкарыстоўваць не толькі як спосаб ашчаджэння, але і як інструмент для атрымання дадатковай выгады за кошт розніцы ставак.

«Часам складваецца сітуацыя, калі стаўка па крэдыце аказваецца значна ніжэйшай, чым па дэпазіце. У такім выпадку працуе простая схема: дэпазіт мінус крэдыт роўна выгада», — тлумачыць суразмоўца.

Паводле яго слоў, калі ў чалавека ўжо ёсць назапашванні, іх можна размясціць на дэпазіце пад больш высокі працэнт, а пры неабходнасці — узяць крэдыт пад больш нізкую стаўку. Напрыклад, гаворка можа ісці пра ільготныя праграмы крэдытавання:

«У мяне, напрыклад, крэдыт на беларускія тавары пад 4% на тры гады. Пры гэтым па дэпазітах стаўкі могуць быць заўважна вышэйшыя».

У выніку розніца паміж стаўкамі фактычна застаецца ў чалавека як дадатковы даход.

«На раннюю пенсію не імкнуся»

Уладзімір кажа, што карыстаецца многімі фінансавымі інструментамі, у яго больш за сотню ўкладаў у банках (частка — «закладкі» на невялікія сумы), але ён не падлічвае дэталёва кожную капейку, як змяняецца сума яго ашчаджэнняў кожны дзень.

«Сыграе ці не сыграе кожны з сотні дэпазітаў, я не ведаю. Але я шукаю лепшыя ўмовы. Паглядзім, што будзе на рынку, нядаўна анансавалі падатковыя вылікі для доўгатэрміновых укладаў — цікава будзе паглядзець».

Нягледзячы на ўстойлівы пасіўны даход, беларус сцвярджае, што вядзе звычайны лад жыцця і не гоніцца за тым, каб як мага хутчэй траціць грошы. Ён паказвае ў дадатку дзесяткі тысяч рублёў на розных дэпазітах — на тэлефоне з разбітым экранам, але з-за гэтага ён не перажывае.

«На жыццё я трачу свой заробак. Нешта адкладаў, падпрацоўваў (у мяне амаль заўсёды было дзве-тры крыніцы даходу). Магу пайсці і купіць машыну за 20—30 тысяч — гэта не праблема, але я гэтага не раблю».

Валютны партфель у яго таксама ёсць, таму даляры ён купляе, але па сваёй схеме: аўтаматычна $10 кожны дзень, без лішніх перажыванняў з-за курсаў.

— Некаторыя збіраюць грошы, каб потым пайсці на раннюю пенсію, мець пасіўны даход і не працаваць. У вас ёсць такі план?

— Калі перастаць працаваць, то потым і пенсія будзе ніжэйшая — і што тады? Каб атрымліваць, напрыклад, 3 тысячы, трэба мець 300 тысяч на рахунку. І нават праз 5—10 гадоў гэтых грошай можа не хапаць, трэба нарошчваць капітал.

Так што не, да гэтага я не імкнуся, збіраюся працаваць да самай пенсіі. Дарэчы, ашчаджэнні па пенсійных праграмах я таксама раблю.

Чытайце таксама:

Беларуска паказала, колькі зэканоміла, адмовіўшыся ад кавы ў кавярні

Ці выгадна сёння ўвозіць тэхніку з Польшчы ў Беларусь?

«Пабеглі мяняць даляры, а што рабіць». Беларусы расказалі, як і ў чым яны цяпер робяць ашчаджэнні

Айцішнік назбіраў да 28 гадоў $10 мільёнаў. Хоча пайсці на пенсію, але баіцца, што не хопіць

Каментары да артыкула