БЕЛ Ł РУС

Новы фронт іранскай вайны: хусіты пагражаюць пастаўкам нафты

29.03.2026 / 08:07

Nashaniva.com

Вайна на Блізкім Усходзе падышла да крытычнага пункту: уступленне ў канфлікт еменскіх хусітаў пагражае перакрыццём апошняга маршруту паставак нафты з Персідскага заліва. Калі пасля закрыцця Армузскага праліва будзе паралізаваны яшчэ і тэрмінал у Чырвоным моры, свет сутыкнецца з дэфіцытам у 15 млн барэляў у суткі, што можа ўзняць цэны да небывалых вышынь.

Фота: AP Photo / Osamah Abdulrahman

Іранская вайна падышла да чырвонай рысы ў Чырвоным моры, за якой — поўнамаштабны сусветны энергетычны крызіс. На гэтых выходных, праз месяц пасля пачатку вайны Ізраіля і ЗША з Іранам, іранскія саюзнікі ў Емене — хусіты — уступілі ў канфлікт. Пакуль што стрэлы папераджальныя, па Ізраілі, але хусіты здольныя ў любы момант перайсці да атак на саудаўскі трубаправод і нафтавы тэрмінал у Чырвоным моры, піша ВВС.

Пасля таго як Іран перакрыў Армузскі праліў — адзіны выхад з Персідскага заліва, праз які на сусветны рынак паступала 25% усёй нафты і 20% газу, — Саудаўская Аравія перакінула прыкладна трэць гэтых паставак на абходны маршрут па нафтаправодзе да тэрмінала Янбу-эль-Бахр на ўзбярэжжы Чырвонага мора, які яна пабудавала яшчэ ў ірана-іракскую вайну канца мінулага стагоддзя.

Дзякуючы гэтым пастаўкам цэны на нафту ў свеце выраслі зусім не так, як маглі б, паколькі Саудаўская Аравія — адзін з трох найбуйнейшых экспарцёраў нафты ў свеце разам з ЗША і Расіяй — да вайны пастаўляла праз Армуз каля 6 млн барэляў у суткі, а цяпер вывозіць па альтэрнатыўным маршруце праз Янбу-эль-Бахр 5 млн барэляў.

Большая частка гэтай нафты накіроўваецца ў Азію праз Баб-эль-Мандэбскі праліў, які два гады блакіравалі хусіты — шыіцкая групоўка ў Емене, якая кантралюе значную частку краіны і атрымлівае падтрымку з Ірана.

З пачатку іранскай вайны хусіты паводзілі сябе ціха. Але на гэтых выхадных пачалі страляць. У суботу раніцай яны запусцілі ракеты ў бок Ізраіля і прыгразілі працягнуць, пакуль ідзе вайна з Іранам. Увечары атака паўтарылася.

Аналітыкі чакалі такога развіцця падзей. Яны адзначалі, што хусіты, нягледзячы на падтрымку Ірана, — самастойная сіла, і ўступяць у бой толькі калі Ірану будзе пагражаць смяротная небяспека.

«Любое рашэнне аб уступленні ў вайну будзе прынята ў Емене, а не ў Тэгеране», — адзначала яшчэ да першых хусіцкіх атак Эйпрыл Элі, эксперт па Емене з Вашынгтонскага інстытута.

Яна прадказвала, што хусіты могуць пачаць з атак на Ізраіль, што ў выніку і здарылася. А потым пайсці па шляху эскалацыі.

«Ва ўмовах, калі Армузскі праліў закрыты, атакі на суднаходства ў Чырвоным моры дазволяць хусітам аказаць максімальны ціск на сусветныя энергетычныя рынкі і суднаходства. І асабліва з улікам таго, што Саудаўская Аравія павялічвае экспарт нафты праз Чырвонае мора ў абход Армузскага праліва».

«Ісламская рэвалюцыя з еменскім каларытам»

Рашэнне хусітаў уступіць у вайну супала з прыбыццём на Блізкі Усход з Японіі амерыканскага дэсантнага карабля USS Tripoli, на борце якога тысячы марскіх пехацінцаў, патэнцыйна здольных акупаваць востраў Харк — нафтавае сэрца Ірана.

Пасля месяца безвыніковых спроб дабіцца ад Ісламскай рэспублікі капітуляцыі бамбардзіроўкамі і забойствамі яе кіраўнікоў, Дональд Трамп працягвае сцвярджаць, што не збіраецца адпраўляць у Іран салдат для наземнай аперацыі. Агаворваючыся пры гэтым, што нават калі б і сабраўся, нікому б загадзя не сказаў.

Цяпер на амерыканскую эскалацыю адказалі ад імя Ірана яго паплечнікі па сусветнай ісламскай рэвалюцыі — хусіты. Іх пагроза сур’ёзная — калі Саудаўская Аравія страціць і альтэрнатыўны маршрут экспарту нафты, дэфіцыт у свеце прывядзе да новага скачку цэн, якія і без таго ўзляцелі з 70 да 115 долараў за барэль за месяц вайны.

«Хусіты абвясцілі, што ўступілі ў вайну, і выпусцілі ракету па Ізраілі. Але галоўнае — ці стануць іх цэлямі нафтавы тэрмінал Янбу-эль-Бахр або саудаўскі трубаправод «Усход-Захад». Калі ён спыніцца, дэфіцыт нафты павялічыцца з 10 млн да 13—15 млн барэляў у суткі», — падлічыў Грэгары Бру, эксперт па нафце і Ірану з Eurasia Group.

Не толькі хусіты, але і Іран у тэорыі здольныя разбурыць і нафтаправод, і тэрмінал, папярэджвае Майк Найт, эксперт па Емене з Вашынгтонскага інстытута блізкаўсходняй палітыкі з 20‑гадовым вопытам саветніка па бяспецы ў рэгіёне.

Але нават калі ў Ірана не атрымаецца і ён прайграе вайну з Амерыкай і Ізраілем, хусіты застануцца дэстабілізуючай сілай у рэгіёне, упэўнены ён.

«Я сур’ёзна вывучаў хусітаў з 1980‑х гадоў, — сказаў ён. — Яны — сапраўдныя прыхільнікі ісламскай рэвалюцыі і цалкам могуць перажыць і Ісламскую рэспубліку Іран, і ліванскую «Хезбалу» і стаць апошнім аплотам ісламскай рэвалюцыі, з еменскім каларытам».

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула