Каталіцкага кардынала не пусцілі на імшу ў Іерусаліме
Рым заявіў пратэст.
Фота: wikipedia.org
У Вербную нядзелю ізраільская паліцыя не пусціла ў Храм Гроба Гасподняга ў Іерусаліме двух каталіцкіх іерархаў, саслаўшыся на меры бяспекі. Некалькі краін свету, а таксама царкоўнае кіраўніцтва назвалі гэта непрапарцыянальным перагібам, паведамляе «Еўраньюс».
Італія выказала пратэст супраць дзеянняў ізраільскай паліцыі, якая не дазволіла каталіцкаму кардыналу і манаху правесці набажэнства ў гонар Вербнай нядзелі ў храме Гроба Гасподняга ў Іерусаліме, які называюць «горадам трох рэлігій». У італьянскі МЗС быў выкліканы пасол Ізраіля.
У Рыме заявілі, што гаворка ідзе пра парушэнне прынцыпаў свабоды веравызнання.
Праваахоўнікі не прапусцілі ў храм лацінскага патрыярха Іерусаліма кардынала Піцабалу і захавальніка Святой зямлі Франчэска Іельпа.
Як паведамляюць італьянскія СМІ, паліцыянты паведамілі каталіцкім іерархам, што ўсе святыні ў Іерусаліме закрыты для вернікаў з пачатку аперацыі ЗША і Ізраіля супраць Ірана з-за частых абстрэлаў ізраільскай тэрыторыі.
Лацінскі патрыярхат заявіў, што адмова ўпусціць высокапастаўленых рэлігійных дзеячаў у храм у важны для хрысціян дзень уяўляе сабой «неабгрунтаваную і непрапарцыянальную меру», балючую для вернікаў. Раней гэта ведамства абвясціла аб адмене традыцыйнай працэсіі Вербнай нядзелі, аднак там лічаць, што забарона не ўключала недапушчэнне Піцабалы ў храм і што падобных інцыдэнтаў не было «на працягу стагоддзяў».
Рашэнне не пускаць каталіцкіх іерархаў на імшу асудзілі ў некалькіх краінах, у прыватнасці, у Францыі і Польшчы.
У Вербную нядзелю Папа Рымскі выступіў з рэзкай заявай у адрас лідараў, якія вядуць войны, адзначыўшы, што Бог адхіляе іх малітвы.