БЕЛ Ł РУС

Расіяне афармляюць беларускія ДНЖ, каб ездзіць на аўто на беларускай рэгістрацыі. У чым сэнс?

1.04.2026 / 08:00

Nashaniva.com

Так спадзяюцца сэканоміць дзясяткі тысяч еўра. 

Ілюстрацыйны здымак. Фота: AP Photo / David Zalubowski

Пакупнікі аўто з Расіі шукаюць спосабы сэканоміць на мытных пошлінах і ўтылізацыйным зборы пры імпарце машыны. Некаторыя задумваюцца зрабіць для гэтага беларускі ДНЖ.

Чаму машыны ў Беларусі каштуюць нашмат танней

Нягледзячы на тое, што Беларусь і Расія знаходзяцца ў адзінай мытнай прасторы, цэны на аўтамабілі моцна адрозніваюцца, і ўлады Расіі робяць усё, каб машыны станавіліся толькі даражэйшымі.

Апроч таго, што ў Беларусі існуе 140‑ы ўказ, які дазваляе размытніваць аўто на шматдзетных і інвалідаў першай і другой груп з 50‑працэнтным дысконтам, у кожнай краіны свае стаўкі ўтылізацыйнага збору і метады яго налічэння.

У Беларусі ўтылізацыйны збор на легкавыя аўто для фізічных асоб падзяляецца на дзве катэгорыі і залежыць ад узросту аўто. За машыну ва ўзросце да трох гадоў гэта 544 рублі, а за старэйшыя — 1089 рублёў.

У Расіі стаўкі ўтыльзбору дзеляцца на льготныя (каля 125—190 беларускіх рублёў) і камерцыйныя.

Аднак ільготны тарыф прымяняецца толькі для фізасоб і аўто з рухавіком магутнасцю да 160 к. с., а каб не даплачваць утыльзбор па камерцыйным тарыфе, такія аўто нельга прадаваць цягам 12 месяцаў.

Пры гэтым для аўто з магутнасцю больш за 160 к.с. ніякага льготнага тарыфу не існуе наогул.

Так, напрыклад, пры ўвозе ў Расію папулярнага ў Беларусі паркетніка Chevrolet Equinox з рухавіком 1,5 літра і магутнасцю 175 к.с. расіяне мусяць заплаціць прыкладна 9600 еўра ўтыльзбору, калі аўто яшчэ няма трох гадоў, і амаль 15 тысяч еўра, калі аўто старэйшае за тры гады. 

То-бок расіянам трэба заплаціць утыльзбору за такое аўто прыкладна столькі ж, колькі яно каштуе ў Беларусі ўжо з улікам усіх выдаткаў. 

Папулярны ў Беларусі паркетнік Chevrolet Equinox з рухавіком 1,5 літра і магутнасцю 175 к.с. Скрыншот: av.by

Калі браць аўто з больш магутным рухавіком, то лічбы ўтылізацыйнага збору ў Расіі наогул выглядаюць астранамічнымі.

Напрыклад, за трохлітровы бензінавы BMW X5 з рухавіком на 340 к.с. расіянам трэба заплаціць каля 30 тысяч еўра ўтыльзбору. А калі такое аўто будзе старэйшае за тры гады, то больш за 42 тысячы еўра.

Праз гэта атрымліваецца, што цана на той жа самы аўтамабіль, размытнены ў Беларусі і Расіі, адрозніваецца на дзясяткі тысяч еўра. Напрыклад, трохгадовы-пяцігадовы BMW Х5 з трохлітровым рухавіком у Беларусі можна размытніць за 9000 еўра па поўным тарыфе ці за 4500 еўра па льготным.

Разам з утыльзборам і іншымі выдаткамі атрымаецца 9500 або 5000 еўра адпаведна. Мытная ачыстка такога ж BMW X5 у Расіі пераваліць за 53 000 еўра.

Беларускі ДНЖ пад ключ

Праз настолькі вялікую розніцу расійскія аўтамабілісты сталі шукаць магчымасць ездзіць на аўто з беларускімі нумарамі ў Расіі праз афармленне ДНЖ у Беларусі. Адметна, што розніца настолькі вялікая, што нават замарочвацца з пошукам ільготніка неабавязкова.

Некаторыя дзялкі, якія займаюцца прыгонам аўто на замову, убачылі ў гэтым патэнцыял і пачалі прапаноўваць новыя паслугі, такія як афармленне ДНЖ у Беларусі і прыгон аўто пад ключ. Прычым падобныя паслугі прапаноўваюць як расійскія, так і беларускія пасярэднікі.

Верагодна, інтарэс падагравае той факт, што з 1 красавіка ў Расіі закрыюць апошнюю шчыліну, якая дазваляла сэканоміць удвая прынамсі на мытных плацяжах (размытніваючы дарагія аўто да трох гадоў праз Беларусь па льготнай стаўцы ў 24% ад кошту замест 48%). 

Пасля 1 красавіка ў гэтым не будзе сэнсу, бо пры імпарце з Беларусі ў Расію пакупніку давядзецца не толькі заплаціць драконаўскі ўтыльзбор, але і розніцу ў мыце.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула