Пажары ў расійскіх партах. Што пацярпела ад удараў украінскіх беспілотнікаў
Дроны выбухаюць у Ленінградскай вобласці амаль кожны дзень: у партах на Балтыцы на мінулым тыдні разгарэліся сур'ёзныя пажары. Украіна ўзмацніла атакі на нафтавую інфраструктуру Расіі на фоне імклівага росту цэн на нафту, справакаванага новай вайной у Іране. Іншыя краіны ўжо просяць яе спыніцца з-за крызісу паліва, падводзіць прамежкавыя вынікі інтэнсіўных украінскіх дронавых атак апошніх тыдняў Руская служба Бі-бі-сі.
Так апакаліптычна выглядаў газакандэнсатны перапрацоўчы комплекс кампаніі «Новатэк» у порце Усць-Луга пасля ўдару ўкраінскіх дронаў. Пажар перакінуўся на большую частку комплексу
У канцы сакавіка ўкраінскія дроны ўдарылі па двух расійскіх партах у Балтыйскім моры — праз іх праходзіць значная частка экспарту расійскай нафты.
23 сакавіка ўкраінскія дроны атакавалі порт Прыморск, а праз два дні, 25 сакавіка, пацярпеў порт Усць-Луга — там пачаўся моцны пажар, які не маглі патушыць некалькі дзён. Клубы чорнага дыму было відаць нават з Фінляндыі.
У пятніцу 27 сакавіка па партах быў нанесены новы ўдар, пажар пачаўся з новай сілай. Пасля гэтага жыхары Пецярбурга скардзіліся на смог і пах гару — зрэшты, сіноптыкі не пацвердзілі, што гэта звязана з пажарамі ў партах на Балтыцы.
У нядзелю дроны зноў атакавалі Усць-Лугу, і пажар разгарэўся з новай сілай. Увечары губернатар Ленінградскай вобласці Аляксандр Драздзенка адсправаздачыўся, што ўзгаранне ва Усць-Лузе лакалізавана, а «на астатніх аб'ектах наступствы ліквідаваныя».
Судзячы па прааналізаваных Бі-бі-сі спадарожнікавых здымках і даных сэрвісу маніторынгу пажараў NASA Firms, у абодвух партах агонь, падобна, да канца не патушаны: тэрмічная актыўнасць там фіксуецца да гэтага часу. Апошнія даступныя спадарожнікавыя здымкі за мінулыя выхадныя паказваюць, што гараць, меркавана, тэхнічныя або паліўныя рэзервуары.
Ва Усць-Лузе відаць, што танкеры і іншыя судны зараз знаходзяцца на якарнай стаянцы. Паводле даных сэрвісу адсочвання перамяшчэння суднаў Marine Traffic на 14:00 30 сакавіка, танкерны трафік (судны з уключанымі транспондарамі) у раёне порта захоўваецца, аднак судны ў асноўным размеркаваныя па акваторыі, а не знаходзяцца каля берага, дзе могуць быць новыя атакі беспілотнікаў.
Танкеры, якія знаходзіліся з уключанымі транспандэрамі каля порта Усць-Луга на 14:00 па Маскве 30 сакавіка 2026 года. Фота: Marine Traffic
Раней выданне Astra сцвярджала, што тры танкеры атрымалі пашкоджанні падчас атакі. Мяркуючы па даных Marine Traffic, яны знаходзяцца на плаву ў Балтыйскім моры, а адзін з іх — Aisopos — на шляху ў Данію.
Крыніца на ўмовах ананімнасці ў першыя дні пажару паведамляла Reuters, што порт Усць-Луга быў ачэплены, а гарэлі там менавіта нафтавыя рэзервуары. Пра ахвяры не паведамлялася.
Пасля Наварасійска Усць-Луга — найбуйнейшы расійскі порт. Адсюль і з Прыморска ідуць танкеры з расійскай нафтай і палівам на экспарт.
Паводле падлікаў агенцтва Reuters, з-за гэтай атакі было спынена каля 40% экспартных магутнасцяў Расіі па нафце, што складае прыкладна 2 мільёны бараляў у суткі.
Гэта адбывалася ў перыяд рэзкага росту цэн на нафту, выкліканага вайной у Іране. Нафта маркі Brent на мінулым тыдні каштавала каля 100 даляраў за бараль, расійская Urals у апошнія месяцы прадаецца да Brent са зніжкай каля 30 даляраў. Расія пры гэтым сутыкаецца з істотнымі праблемамі з бюджэтам, якія рэзкі рост цэн на нафту мог бы часткова вырашыць.
Для параўнання: вось як выглядала пляцоўка тэрмінала ва Усць-Лузе 22 сакавіка да ўкраінскіх удараў. Фота: Planet Labs
Удары, па ўсёй бачнасці, закранулі тэхналагічныя рэзервуары і прылеглую інфраструктуру. Паколькі на самым свежым даступным здымку ад 28 сакавіка з гэтай зоны працягвае валіць густы дым, дакладна сказаць пра нанесеную шкоду немагчыма.
На здымках ад 26 сакавіка відаць, што па меншай меры два рэзервуары і прылеглая інфраструктура ахопленыя пажарам. Фота: Planet Labs
Паводле даных Reuters і ўкраінскіх уладаў, атака меркавана закранула комплекс найбуйнейшага незалежнага вытворцы газу ў Расіі «Новатэк» ва Усць-Лузе, дзе былі пашкоджаныя перапрацоўчыя ўстаноўкі і частка паліўных рэзервуараў. Мяркуючы па здымках Planet Labs і Copernicus Sentinel, таксама меркавана закранутая тэрыторыя нафтаналіўнога тэрмінала даччынай кампаніі нафтавага гіганта «Раснафта».
Паводле даных NASA Firms, на раней атакаванай тэрыторыі працягвала фіксавацца тэрмічная актыўнасць. Фота: NASA Firms
Мяркуючы па даных Marine Traffic, усяго ў акваторыі порта каля 40 суднаў на сённяшні дзень. Палова з іх — службовыя, а астатнія — танкеры і грузавыя, якія не дэманструюць актыўнасці. Як мінімум чатыры з іх — падсанкцыйныя, мяркуючы па афіцыйных рэестрах: Noyabrsk, Navik, Ryazan і Orenburg.
Мяркуючы па гэтым здымку, суды пазбягаюць прычала, каля якога гараць рэзервуары. Фота: Planet Labs
Прыморск аднавіў пагрузку нафты ўжо на наступны дзень пасля першага ўдару. Мяркуючы па даных Marine Traffic, у акваторыі порта знаходзяцца як мінімум сем суднаў з уключанымі транспондарамі, тры з якіх — расійскія буксіры, і яшчэ два танкеры з санкцыйных спісаў за транспартаванне расійскай нафты — Flora 1 і Rigel.
Порт Прыморска, мяркуючы па паведамленнях СМІ, аднавіў пагрузку нафты праз дзень пасля першага ўдару, і на мінулых выхадных там стаялі судны на прычале. Фота: Planet Labs
Мяркуючы па даных Planet Labs і сэрвісу маніторынгу ўзгаранняў NASA Fires, у выпадку і Усць-Лугі, і Прыморска воблакі густага дыму ад пажараў падымаліся як мінімум два дні пасля атак. У Прыморску, мяркуючы па наяўных здымках, можна сказаць, што сур'ёзна пашкоджаныя і абгарэлі як мінімум чатыры паліўныя рэзервуары.
У пятніцу, 27 сакавіка, агенцтва Reuters высветліла, што расійскія нафтаздабыўныя кампаніі могуць аб'явіць форс-мажор у дачыненні да паставак з буйных портаў Балтыйскага мора. Дзве крыніцы расказалі агенцтву, што кампаніі папярэдзілі пра гэта пакупнікоў.
Украіна не хавае, што гэтыя ўдары закліканыя пазбавіць Расію нафтавых грошай.
«Гарачыя вынікі тыдня: нават з космасу відаць, як Украіна выконвае пункт свайго «Плана вайны», які прадугледжвае пазбаўленне РФ эканамічных рэсурсаў для працягу агрэсіі, — заявіла Мінабароны Украіны ў фэйсбуку. — У перыяд падаражання нафты некалькімі авіяўдарамі на адлегласці каля 900 км былі істотна пашкоджаныя ключавыя расійскія магутнасці па экспарце нафты на Балтыйскім моры».
Украіна спрабуе звесці на нішто прыбытак Расіі ад рэзкага росту цэн на нафту і аслаблення санкцый. З-за росту цэн на нафту прэзідэнт ЗША Дональд Трамп на 30 дзён дазволіў трэцім краінам купляць расійскае паліва.
Яшчэ ў канцы студзеня Украіна заявіла, што ў выніку расійскіх удараў быў пашкоджаны ўчастак нафтаправода «Дружба», па якім расійская нафта пастаўляецца на Захад: з 27 студзеня пастаўкі спыніліся. Тады ж Славакія і Венгрыя запатрабавалі ад Кіева неадкладна аднавіць пастаўкі па нафтаправодзе «Дружба».
Нафтавы тэрмінал у Наварасійску, прапускная здольнасць якога складае да 700 000 бараляў у суткі, працуе з загрузкай ніжэй за планавыя паказчыкі з моманту пашкоджання ўкраінскімі беспілотнікамі ў пачатку сакавіка.
Некаторыя іншыя краіны просяць Кіеў спыніць біць па расійскім нафтавым сектары.
У панядзелак прэзідэнт Украіны Уладзімір Зеленскі расказаў, што атрымлівае такія просьбы ад замежных «партнёраў»:
«Пасля такога сусветнага энергетычнага крызісу мы сапраўды атрымалі сігналы ад некаторых нашых партнёраў наконт таго, каб — як зрабіць так, каб паменшыць нашы адказы па нафтавым сектары, энергетычным сектары Расійскай Федэрацыі», — расказаў Зяленскі журналістам.
Ён дадаў, што Украіна будзе згодная не чапаць расійскі энергетычны сектар, калі РФ, у сваю чаргу, перастане біць па энергетыцы Украіны.
Чытайце таксама:
Пятая ноч атак: у порце Усць-Луга пасля атакі дронаў зноў успыхнуў пажар
У Расіі забараняюць экспарт бензіну
Украінскія ўдары па партах паралізавалі амаль палову расійскага нафтавага экспарту
У Ленінградскай вобласці адбылася масіраваная атака дронаў: пажары ў партах і калапс у Пулкаве