У пары патагонскіх мар у Мінскім заапарку нарадзіліся двое дзетак
Гэтыя экзатычныя жывёлы прыбылі ў Беларусь год таму. Пару назвалі містар і місіс Сміт.
У канцы сакавіка яны сталі бацькамі: у іх з’явіліся двое чароўных малых — хлопчык і дзяўчынка, паведамілі ў Мінскім заапарку.
Пакуль што дзіцянятам патагонскіх мар не далі імёны. Для гэтага ў заапарку вырашылі правесці конкурс, у якім могуць удзельнічаць усе жадаючыя.
Пажадана, каб імёны пачыналіся на літару «С» (як у бацькоў) або былі сугучныя/звязаныя са словам «Сміт».
Прапаноўваць свае варыянты імёнаў для малых грызуноў можна ў каментарыях пад публікацыяй Мінскага заапарка ў Instagram. Конкурс праводзіцца да 8 красавіка. Вынікі абвесцяць у гэтай жа сацсетцы ў сторыс.
Пост ужо сабраў больш за 250 каментарыяў. Сярод прапанаваных варыянтаў ёсць, напрыклад, Саня і Соня Сміт, Сімка і Сёмка, Сушка і Сашка, Саўрон і Сільвія — выбар будзе няпросты.