БЕЛ Ł РУС

Памочніца Ціханоўскай Ганна Златкоўская пакінула працу ў Офісе

31.03.2026 / 20:06

Nashaniva.com

Пра сваё рашэнне пісьменніца Ганна Златкоўская паведаміла ў фэйсбуку. Вытрымала на пасадзе яна ўсяго толькі дзевяць месяцаў.

Ганна Златкоўская, пісьменніца і ўжо былая асабістая памочніца Святланы Ціханоўскай. Вільня, 2025 год. Фота: асабісты архіў

У сваім пасце Ганна Златкоўская назвала гэты этап сваёй біяграфіі «вельмі моцным і важным досведам», за які яна «шмат даведалася пра сябе» і падчас якога ёй «прыйшлося нанова шмат чаго ў сабе перафармаваць».

Пра працу з Ціханоўскай і яе саму яна пры гэтым выказваецца вельмі станоўча: 

«Ведаю, што многіх цікавіць, а якая Святлана? Дык вось скажу вам, яна вельмі і вельмі арганізаваны чалавек. Яна не дазваляе сабе стамляцца.

Я на ўсё жыццё запомню адзін выпадак. Гэта былі тры напружаныя працоўныя дні па 12 гадзін. Мала сну — шмат актыўнасцяў, інтэрв’ю, сустрэч… Я ўжо на другі дзень думала: божа, як гэта вытрымаць? І як Святлана трымаецца? Бо ўся ўвага ж на ёй. І вось ідзе трэці дзень, у мяне ад стомленасці ідзе пара з вушэй, я думаю толькі пра ложак і заслужаны бакал прасэка, але трэба яшчэ некалькі гадзін працаваць. Святлане прыносяць чарговы дакумент, які трэба праверыць. І я думаю, што вось зараз адзінае, што я магу прачытаць, — гэта назву крамы, у якой я куплю тое самае прасэка, а ўсялякія дакументы б праглядзела адным вокам. Але Святлана чытала яго, знаходзіла памылкі, выпраўляла іх… І так заўсёды.

Увага да самых маленькіх дэталяў і напружаны графік — я бачыла гэта кожны дзень і толькі што і бубнела сама сабе: дзякуй Богу, што я — не яна, бо я б ужо даўно сказала: не, рабяты, я скончылася, выбачайце».

Яна лічыць, што

«імя Святланы назаўсёды застанецца ў гісторыі, прыемна, хай і нядоўга, але пабыць яе часткай».

Канкрэтныя прычыны свайго сыходу з каманды Златкоўская не акрэслівае, але з агульнага кантэксту паста можна зразумець, што аб'ём і рытм працы аказаліся для яе надта знясільваючымі: «Мае пушыстыя монстры часта мне заміналі рабіць на 300 адсоткаў, нават цяжка патлумачыць, чаму».

Што да будучых планаў, то яна піша:

«Але я ўсё ж такі засталася пісьменніцай, якая марыць напісаць новую кнігу на беларускай мове, якая любіць сваіх пушыстых монстраў і вельмі перажывае за кожнага беларуса і беларуску, якія пацярпелі ад рэжыму. Пачынаецца новы шлях майго жыцця, але ў эміграцыі іх было столькі, што ўжо звыкла».

Чытайце таксама:

«Мне нават здаецца, што Франак зусім не спіць». Новая асабістая памочніца Ціханоўскай расказала пра сваю працу ў Офісе

Ганна Златкоўская і яе сям'я больш за суткі правялі ў венскім аэрапорце. Ці заплацяць ім кампенсацыю?

Лецішча калумністкі Ганны Златкоўскай арыштавалі

Каментары да артыкула