БЕЛ Ł РУС

Зяленскі: Расія дае Украіне два месяцы на выхад з Данбаса

1.04.2026 / 08:46

Nashaniva.com

Крэмль спрабуе скарыстаць палітычную сітуацыю ў ЗША напярэдадні прамежкавых выбараў, каб націснуць на Вашынгтон.

Уладзімір Зяленскі. Фота: AP Photo / Michael Probst

Уладзімір Зяленскі перакананы, што пытанне заканчэння вайны — не ў выхадзе Украіны з Данецкай вобласці. Пра гэта ён сказаў журналістам падчас Бучанскага саміту 31 сакавіка, піша ВВС. 

«Пытанне ў тым ліку, што цяпер новыя ўжо тэрміны, яны (расіяне. — Рэд.) называюць амерыканскаму боку. Я здзіўлены, што можна верыць у гэта. Проста здзіўлены. Столькі гадоў, шчыра, і працягваецца гісторыя», — сказаў Уладзімір Зяленскі журналістам.

Прэзідэнт Украіны адзначыў, што расіяне гавораць пра тое, што яны за два месяцы захопяць Данбас, і таму ва Украіны ёсць гэты час, каб выйсці з рэгіёна, «тады вайна скончыцца».

«Зараз новыя тэрміны. Яны сказалі (амерыканскаму боку — рэд.), што за два месяцы (гэта апошняя інфармацыя), за два месяцы яны захопяць усход нашай дзяржавы, цытуючы іх, захопяць Данбас. Таму ва Украіны ёсць два месяцы, каб выйсці, і тады вайна скончыцца», — сказаў Зяленскі, словы якога прыводзіць «Укрінфарм».

«А калі Украіна на працягу двух месяцаў не выйдзе, то Расія захопіць Данбас, і потым будуць яшчэ іншыя ўмовы», — дадаў Зяленскі.

«Лагічнае пытанне, калі іх мэта толькі Данбас, гэта маё пытанне нашым амерыканскім калегам, тады, калі яны змогуць захапіць Данбас, для чаго яны кажуць, што яны пойдуць далей, потым будуць іншыя ўмовы. То бок пытанне ўсё ж такі не Данбас», — адзначыў Зяленскі.

Ён перакананы, што расіяне не змогуць нічога захапіць за два месяцы і таму ціснуць.

«Амерыка можа ціснуць на Расію. Сёння Расія цісне на Амерыку, таму што набліжаецца момант midterm election (прамежкавых выбараў). Набліжаецца гэты момант, зразумела, што ЗША трэба рабіць розныя крокі, унутраныя, палітычна знешнія. Мы вельмі спадзяёмся на перагаворным трэку ўсё ж такі вярнуць пытанне ў логіку, а не ў эмацыйнасць Расіі», — лічыць прэзідэнт Украіны.

Уладзімір Зяленскі таксама анансаваў размову ў відэафармаце з амерыканскім бокам у сераду, 1 красавіка.

Вядома, што з украінскага боку ў ёй возьме ўдзел сакратар СНБА Рустэм Умераў, з амерыканскага — спецыяльны пасланнік Трампа Стыў Уіткаф і Джарэд Кушнер.

Зяленскі адзначыў, што размова будзе тычыцца таго, «дзе мы», і падрыхтоўкі да магчымай трохбаковай сустрэчы.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула