БЕЛ Ł РУС

Наколькі правамерныя дзеянні міліцыі? На сайце калегіі адвакатаў спыталі пра «Гуканне вясны» ў Гомелі

1.04.2026 / 12:27

Nashaniva.com

Адказы адвакатаў былі лаканічнымі. 

Ілюстрацыйны здымак

На сайце Беларускай рэспубліканскай калегіі адвакатаў «Флагшток» заўважыў пытанне жыхара Гомеля аб правамернасці дзеянняў міліцыі пры затрыманні жанчыны за «Гуканне вясны».

У рубрыцы «Юрыдычная анлайн-кансультацыя» адвакатам задалі такое пытанне:

«Дачка паўдзельнічала ў абрадзе «Гуканне вясны» ў Гомелі, арганізаваным рэстаранам «Спадчына». Праз некалькі дзён пасля гэтага да нас дадому з'явіліся супрацоўнікі РАУС і забралі дачку ў аддзел для правядзення прафілактычнай працы. З-за гэтага была сарваная яе праца ў каледжы. Пратрымаўшы дачку ў РАУСе каля васьмі гадзін, ёй патлумачылі, што яна ўдзельнічала ў несанкцыянаваным мерапрыемстве. Наколькі правамоцныя дзеянні супрацоўнікаў правапарадку?»

Адвакат Крысціна Якута-Марчук адказала коратка, не пракаментаваўшы пытанне аб правамернасці дзеянняў міліцыі:

«Калі былі падставы, маглі і затрымаць. І растлумачыць таксама маглі. Трэба глядзець, як усё афармлялася».

Аўтар пытання дадаў каментар:

«Дачка ў міліцыі знаходзілася з васьмі раніцы да 16:00. Чаканне разбору 6 гадзін і так званая прафілактычная гутарка 2 гадзіны. Двое супрацоўнікаў з ёй паразмаўлялі і выдалі даведку аб прычыне адсутнасці на працы. Больш ніякіх дакументаў не далі. Ёй растлумачылі, што яна павінна была высветліць сама, ці ёсць у рэстарана дазвол на правядзенне мерапрыемства. Наколькі правільныя дзеянні супрацоўнікаў міліцыі?»

Гэтае пытанне засталося без адказу.

Чытайце таксама:

У гомельскім рэстаране затрымалі ўдзельнікаў «Гукання вясны». Ім даюць суткі і буйныя штрафы

У Гомелі за «Гуканне вясны» аштрафавалі і маёра міліцыі

Каментары да артыкула