ЗША адправілі касмічны карабель з астранаўтамі на Месяц
ЗША ў рамках місіі «Артэміда-2» упершыню з 1972 года сёння ноччу паспяхова запусцілі да Месяца пілатаваны касмічны карабель з чатырма астранаўтамі на борце. Падарожжа вакол спадарожніка Зямлі павінна заняць каля 10 дзён, піша Бі-бі-сі.
Фота: Chip Somodevilla/Getty Images
Ракета-носьбіт Space Launch System з касмічным караблём «Арыён», на борце якога знаходзяцца чатыры астранаўты, паспяхова стартавала з мыса Канаверал у Фларыдзе.
У рамках місіі «Артэміда-2» карабель «Арыён», у склад экіпажа якога ўваходзяць астранаўты НАСА Рыд Уайзман, Віктар Гловер і Крысціна Кох, а таксама астранаўт Канадскага касмічнага агенцтва Джэрэмі Хансен, зробіць адзін віток вакол Месяца.
10‑дзённая экспедыцыя вакол Месяца і назад дазволіць ім аказацца ў космасе на глыбіні, да гэтага часу недаступнай для чалавека.
«Гэта Джэрэмі, мы адпраўляемся ў шлях дзеля ўсяго чалавецтва», — сказаў Хансэн за некалькі хвілін да старту.
«Рыд, Віктар, Крысціна і Джэрэмі, у гэтай гістарычнай місіі вы бярэце з сабой сэрца каманды «Артэміды», смелы дух амерыканскага народа і нашых партнёраў па ўсім свеце, а таксама надзеі і мары новага пакалення», — сказала экіпажу дырэктар запуску Чарлі Блэквел-Томпсан. «Поспехаў, удачы, «Артэміда-2». Наперад!» — дадала яна.
Праз некалькі хвілін пасля старту, калі астранаўты пачалі ўваходзіць у верхнія пласты атмасферы Зямлі, камандзір Уайзман выйшаў на сувязь. «Цудоўны від! — сказаў ён. — У нас цудоўны ўзыход Месяца».
Пасля амаль трох гадоў падрыхтоўкі экіпаж стаў першым, хто здзейсніў палёт у рамках праграмы НАСА «Артэміда» — шматмільярднай серыі місій, пачатай у 2017 годзе для забеспячэння доўгатэрміновай прысутнасці ЗША на Месяцы на працягу наступнага дзесяцігоддзя і ў больш далёкай перспектыве, адзначае Reuters.
Запуск стаў важнай вяхой, да якой касмічнае агенцтва ЗША рыхтавалася больш за 10 гадоў. Асноўныя падрадчыкі, кампаніі Boeing і Northrop Grumman, атрымалі пацверджанне таго, што іх сістэмы могуць бяспечна дастаўляць людзей у космас, у той час як НАСА ўсё больш спадзяецца на новыя і больш танныя ракеты ад SpaceX Ілана Маска і іншых кампаній.
Пілатаваны карабель «Арыён», пабудаваны для НАСА кампаніяй Lockheed Martin, аддзеліцца ад апошняй ступені ракеты Space Launch System (SLS) праз 3,5 гадзіны палёту на калязямной арбіце.
Пасля гэтага экіпаж возьме на сябе ручное кіраванне, каб праверыць кіравальнасць касмічнага карабля і выканаць першую з дзясяткаў запланаваных на працягу місіі задач.
Місія «Артэміда-2» — ключавы першы крок у флагманскай амерыканскай месяцовай праграме, мэтай якой з'яўляецца першая пілатаваная высадка на месяцовую паверхню ў 2028 годзе ў рамках планаванай місіі «Артэміда-4».
НАСА імкнецца ажыццявіць гэтую месяцовую высадку — першую пасля апошняй місіі «Апалон» у 1972 годзе, у той час як Кітай пашырае сваю месяцовую праграму, плануючы высадку астранаўтаў у 2030 годзе.
У рамках «Артэміды-2» астранаўты павінны апынуцца на адлегласці каля 406 тысяч кіламетраў ад Зямлі — гэта будзе самае далёкае падарожжа, калі-небудзь здзейсненае чалавекам.
Папярэдні рэкорд — 330 тысяч кіламетраў — належыць экіпажу місіі «Апалон-13», які ў 1970 годзе сутыкнуўся з тэхнічнымі праблемамі пасля выбуху кіслароднага бака. Астранаўты тады не змаглі здзейсніць запланаваную пасадку на Месяц.
У 2022 годзе НАСА запусціла сваю першую беспілотную місію «Артэміда», адправіўшы касмічны карабель «Арыён» па аналагічным маршруце вакол Месяца і назад.
«Артэміда-2» стане больш сур'ёзным выпрабаваннем для «Арыёна» і ракеты SLS. Boeing і Northrop Grumman распрацоўвае SLS з 2010 года. Кошт праграмы павялічыўся з 2 млрд даляраў да 4 млрд даляраў за адзін запуск.
Тым часам SpaceX Маска і Blue Origin Джэфа Безаса спаборнічаюць у распрацоўцы пасадачных модуляў, якія НАСА будзе выкарыстоўваць для дастаўкі сваіх астранаўтаў на месяцовую паверхню.