БЕЛ Ł РУС

Беларуска Аляксандра Борціч, якая здымаецца ў Расіі, змяніла акцёрскую прафесію

2.04.2026 / 09:21

Nashaniva.com

Зорка расійскага кіно і ўраджэнка Светлагорска Аляксандра Борціч абвясціла пра паварот у сваёй кар'еры. Пакуль у здымках наступіла паўза, актрыса вырашыла не губляць часу. Цяпер яе можна сустрэць не на экране, а ў начных клубах.

Аляксандра Борціч. Фота: bortich / Іnstagram

Пра сваё новае захапленне Борціч распавяла журналістам. Актрыса прызналася, што цяпер у яе акцёрскім графіку з’явіўся вольны час, які яна вырашыла запоўніць музыкай.

Ідэя стаць дыджэем пераследавала Аляксандру даўно, але шчыльны графік здымак не дазваляў сур’ёзна заняцца навучаннем. Магчымасць з’явілася летам 2025 года, а дэбют адбыўся ў даволі незвычайным месцы — на адкрыцці абноўленага буфета ў Тэатры на Броннай, дзе яна служыць.

Зараз Борціч актыўна гастралюе па розных гарадах у новай ролі. Нягледзячы на тое, што актрыса даволі крытычна ставіцца да сваіх музычных поспехаў, публіка прымае яе вельмі цёпла.

«У мяне з'явіўся дыджэінг, ён мне вельмі падабаецца. Цяпер ёсць час, езджу па розных гарадах. Гэта класна. Людзі вельмі радыя, што я да іх прыехала, а я радая для іх выступаць, і ў нас заўсёды здараецца ўзаемнае каханне», — сказала актрыса.

Аляксандра прызнае, што пакуль яе навыкі за пультам далёкія ад дасканаласці і атрымліваецца, паводле яе слоў, «не вельмі». Аднак яна ўпарта працуе над сабой і атрымлівае асалоду ад працэсу.

Пры гэтым Борціч падкрэсліла, што не збіраецца цалкам сыходзіць з прафесіі. Дыджэінг для яе — гэта спосаб перазагрузіцца і паспрабаваць нешта новае, пакуль у кінаіндустрыі для яе няма прывабных прапаноў або напружаных праектаў.

Аляксандра Боціч не раз станавілася аб'ектам увагі СМІ не толькі праз ролі, але і праз сваю пазіцыю. У 2020‑м Борціч падтрымала беларускі пратэст, а ў 2022‑м асудзіла вайну. Украінскі сайт «Міратворац» за ўдзел у расійскім фільме «Вікінг» уключыў яе ў свой спіс людзей, якіх лічаць пагрозай нацыянальнай бяспецы.

Аляксандра Борціч нарадзілася ў Светлагорску. Пасля разводу бацькоў пераехала ў Гродна, дзе яе выхоўвала бабуля да 10 гадоў. У той час маці Аляксандры жыла ў Маскве, пасля яна забрала дачку да сябе.

Борціч любіць Гродна і час ад часу прыязджае, каб сустракацца з бабуляй і сябрамі.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула