Экспазіцыя здымкаў дзікай прыроды адкрылася ў Мінску
Фотавыстава «Свет дзікай прыроды: погляд праз аб’ектыў» пачала сваю працу ў кінатэатры «Мір» 1 красавіка.
У экспазіцыі прадстаўлена 21 работа фатографа-анімаліста, члена Клуба фатографаў дзікай прыроды Беларусі Таццяны Алешкі, пішуць Мінск-навіны.
Таццяна працягвае справу бацькі — вядомага фатографа Вячаслава Алешкі, аднаго з першапраходцаў сярод беларускіх фатографаў дзікай прыроды. Па ўспамінах суразмоўцы, дома была вельмі вялікая бібліятэка, значную частку якой займалі кнігі пра прыроду і мастацтва фатаграфіі. Яшчэ адным захапленнем бацькі Таццяны Алешкі была паэзія, якая падабаецца і ёй самой. Фатаграфіяй яна пачала сур’ёзна займацца толькі з 2018 года — любоў да жывёл перадалася ў спадчыну і стала асноўнай тэмай фотаработ аўтара.
— Я філолаг па адукацыі і доўгі час вывучала паэзію. У нейкі момант задалася пытаннем: як шмат птушак сустракаецца ў беларускіх лірычных творах? Аказалася, што птушкі займаюць у іх значнае месца. Яны цесна звязаныя з паўсядзённым жыццём чалавека, міфамі, казкамі, фальклорам. А разнастайнасць паэтычных вобразаў і метафар, звязаных з птушкамі, уражвае. Цяпер у планах выдаць кнігу, дзе будуць мае фатаграфіі і вершы беларускіх паэтаў, прысвечаныя птушкам, — распавяла Таццяна Алешка.
Акрамя птушак, фатограф здымае і звяроў. Суразмоўніца падзялілася: назіраць за паводзінамі і эмоцыямі прадстаўнікоў фаўны, іх узаемадзеяннем паміж сабой вельмі цікава — усё гэта яна імкнецца паказаць на фатаграфіях.
— Асабліва радуюся, калі ўдаецца зняць жывёлу буйным планам, каб былі бачныя яе вочы. Сваёй выставай я хацела б прыцягнуць увагу гараджан да нашых суседзяў па планеце — прадстаўнікоў жывёльнага свету. Паказаць тых з іх, каго не кожны можа ўбачыць ужывую, і, канешне, заклікаць людзей клапаціцца пра навакольны свет. Паводле слоў навукоўцаў, далікатная раўнавага паміж чалавечай цывілізацыяй і прыродай набліжаецца да пункта незвароту, — адзначыла фатограф-анімаліст.
Хоць фотавыстава і носіць назву «Свет дзікай прыроды: погляд праз аб’ектыў», усе здымкі зроблены выключна ў Беларусі, у самых розных яе месцах: заказніках «Красны Бор», «Налібоцкі», «Выганашчанскае», нацыянальных парках «Белавежская пушча», «Браслаўскія азёры» і іншых месцах.
— У экспазіцыі прадстаўлены работы 2022—2025 гадоў. Сам працэс фотаздымкі займае вельмі шмат часу, бо рэдкіх жывёл часта даводзіцца падпільноўваць у сховішчы. Жывёлы, як і людзі, вельмі розныя. Напрыклад, адна птушка можа падпусціць да сябе даволі блізка, а іншая паляціць, як толькі пачуе шоргат, — падзялілася Т. Алешка. — Фатографа-анімаліста кормяць ногі: чым больш ён ездзіць і ходзіць, тым больш шанцаў убачыць нешта ўнікальнае. Напрыклад, для здымкі арланаў трэба прыйсці ў месца іх пражывання яшчэ да світання, інакш цябе могуць заўважыць вароны і папярэдзіць пра небяспеку ўсіх навокал, таму фатографу важна зліцца з прыродай і не выдаваць лішніх гукаў.
Ласёў лепш за ўсё фатаграфаваць на Браслаўшчыне. Там фатографам знайсці і прывабіць жывёл дапамагае вопытны егер Алег Селях.
— З яго дапамогай я неаднойчы аказвалася даволі блізка да гэтых прыгожых і магутных жывёл, хоць падчас гону яны могуць быць агрэсіўнымі. Але калі бачыш гэтую прыгажосць, забываешся пра ўсё, імкнучыся зрабіць яшчэ крок насустрач, — дадала фатограф.
У асноўным жывёлы баяцца людзей і адразу ўцякаюць або хаваюцца, адчуўшы небяспеку. Але і людзі ў адказ асцерагаюцца некаторых жывёл, напрыклад ваўкоў. Хоць вопытныя фатографы ведаюць, што сустрэць шэрага драпежніка — вялікая ўдача. У ваўкоў выдатны нюх, яны адчуваюць чалавека за кіламетры, таму зняць іх у дзікай прыродзе вельмі складана.
Выстава працягнецца да 31 мая.