БЕЛ Ł РУС

Прапаганда расказала, ці звольнілі маёра міліцыі, якога затрымалі на «Гуканні вясны» ў Гомелі

2.04.2026 / 12:59

Nashaniva.com

На навіну пра тое, што сярод затрыманых на «Гуканні вясны» ў Гомелі быў старшы ўчастковы інспектар Віктар Шыпкоў, узнагароджаны Лукашэнкам прэміяй «За духоўнае адраджэнне», адрэагаваў неафіцыйны канал гомельскіх сілавікоў, піша «Флагшток».

Віктар Шыпкоў. Скрын з міліцэйскага відэа

«Насуперак прагнозам экстрэмісцкіх прапагандыстаў, што рэжым лютуе і рэпрэсуе ўсіх без разбору, «узнагароджваючы» адміністрацыйнымі пратаколамі — участковы інспектар міліцыі нясе службу ў звычайным парадку», — паведаміў канал і выклаў пазітыўнае відэа з Шыпковым, да якога спецыяльна прыязджаў аператар.

У публікацыі няма прамога абвяржэння інфармацыі аб тым, што міліцыянт атрымліваў штраф — сцвярджаецца толькі, што ён па-ранейшаму працуе ў РАУС. 

«Творчае хобі і захапленні міліцыянера і яго сям'і, адзначана на самым высокім узроўні, кіраўніцтва ведамства ганарыцца сапраўдным патрыётам і чалавекам з вялікай літары!» — гаворыцца ў паведамленні.

Гэта можа азначаць, што такую ​​пазіцыю занялі непасрэдна ў верхавіне МУС, дзе вырашалі лёс Шыпкова.

Фота: МУС

Пост завяршае сцверджанне: «Супрацоўнік міліцыі ў любой сітуацыі і пры любых абставінах застаецца супрацоўнікам міліцыі!»

У дачыненні да сітуацыі з правядзеннем «Гукання вясны» фраза выглядае як дзіўны намёк.

Гомельская журналістка Ларыса Шчыракова, былая палітзняволеная, якую прымусова вывезлі адразу пасля вызвалення за мяжу, распавяла «Флагштоку», што яе стаўленне да Шыпкова дваякае. З аднаго боку ён выклікае павагу: за захаванне і папулярызацыю народнай культуры і рэканструкцыю абрадаў, збор этнаграфічных артэфактаў.

З іншага боку — лічыць яго верным слугой сістэмы.

У 2020 годзе менавіта Шыпкоў у складзе групы міліцыянтаў праводзіў неабгрунтаванае затрыманне па палітычных матывах Ларысы Шчыраковай, неправамерна ўтрымліваў яе ў аддзяленні міліцыі на працягу 7 гадзін. Затым Шыпкоў увесь час наведваў журналістку з мэтай «прафілактычных гутарак».

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула