Кіраўніца бізнэс-асацыяцыі АВВА фактычна інвеставала грошы пад адмоўны працэнт. І заклікае да таго ж іншых
Марына Гірын заклікае інвеставаць у праграму Emerytura bez obaw («Пенсія без боязі»). Аднак, як паказваюць разлікі «Нашай Нівы», умовы ўкладаў у гэты фонд нашмат менш выгадныя нават у параўнанні з пенсійнымі праграмамі вялікіх польскіх банкаў. Відавочная перавага ў «Пенсіі без боязі» ёсць толькі для тых, хто прывядзе новых кліентаў.
Кансультант па фінансавым планаванні Марына Гірын. Фота з яе фэйсбука
З сакавіка 2026 Марына Гірын падпрацоўвае кансультантам па фінансавым планаванні, страхавых і назапашвальных праграмах у кампаніі Prudential. Жанчына прызнаецца, што яшчэ год таму мала што ведала пра фінансавыя інструменты — хоць і ўзначальвала бізнэс-асацыяцыю.
«Тады я наогул нічога не ведала ні пра страхаванне, ні пра такія прадукты ў Польшчы», — піша сустаршыня бізнэс-асацыяцыі беларусаў за мяжой АВВА ў сваім допісе ў сацсетках.
Чытайце таксама: Здаецца, вызначылася самая модная пара беларускай апазіцыі. Як вам іх пачуцце стылю?
«Я проста шукала рашэнне для сябе і мужа […]. Я пачала разбірацца, глядзець розныя варыянты. І ў выніку знайшла прадукт, які аформіла спачатку сабе, а потым і мужу», — расказвае Гірын, называючы канкрэтную ахоўна-ашчадную праграму Еmerytura bez obaw («Пенсія без боязі») ад кампаніі Prudential.
Гірын сцвярджае, што за мінулы месяц правяла каля 12 кансультацый для беларусаў і дапамагла аформіць тры полісы Emerytura bez obaw.
«Што важна разумець: мінімальная сума ўваходу ў гэты прадукт — 165 злотых (каля $45 — НН), вашы грошы працуюць, гэта бяспечныя ўкладанні, у сярэднім гэта каля 4,5% гадавых. Напрыклад, летась было каля 11%, але, паколькі прадукт доўгатэрміновы, лепш арыентавацца на сярэднюю даходнасць. Выплаты па полісе не абкладаюцца падаткам», — нахвальвае праграму Гірын і пераконвае, што лепш пачаць раней, а канкурэнта гэтаму прадукту на польскім рынку сёння няма.
Аднак калі вывучыць ўмовы праграмы, якія звычайна пішуцца дробным тэкстам і не чытаюцца ўкладчыкамі, то акажацца, што інвестыцыі 20 гадоў будуць даваць адмоўную даходнасць у большасці сцэнароў — няважна, ультракансерватыўных ці агрэсіўных. І толькі праз 20 гадоў вы атрымаеце даход.
Калі вы будзеце інвеставаць па 5 тысяч злотых штогод (цяпер гэта $1350) і вырашыце выйсці з праграмы ў першы год — вам не вернуць нічога або амаль нічога. Таму што большая частка першага дэпазіту пойдзе на выплату бонусу агенту, які вас прыцягнуў.
Нават праз дзесяць гадоў, калі па логіцы ў вас ужо павінна будзе быць на рахунку 50 тысяч злотых ($13500 па цяперашнім курсе) плюс працэнты — вам добра калі вернуць 60% ад укладзенага.
Вось табліца, якая паказвае прагназаванае вяртанне інвестыцый на 20‑гадавым гарызонце. Гэтая інфармацыя адлюстроўвае гістарычныя разлікі самой кампаніі Prudential па праграме Emerytura bez obaw.
Чаму так выходзіць? Кампанія бярэ высокія камісіі за кіраванне капіталам, агрэсіўна прыцягвае кліентаў, але вельмі кансерватыўна кіруе сродкамі і мае вялізныя працэнты за вывад грошай першыя 20 гадоў пасля ўкладання.
Калі захочаце выйсці раней, чым праз 20 гадоў — вам вернуць толькі частку ад вашага дэпазіту, а працэнты па ім — не выплацяць.
Куды інвестуе Prudential? Паводле афіцыйных дакументаў, не менш за 45% капіталу ў кіраванні Prudential укладае ў польскія дзяржаўныя аблігацыі — гэта бяспечныя ўкладанні, але з невялікім працэнтам даходу. Кампанія сама называе працэнт звароту — 3,1% гадавых.
Іншымі словамі, укладанне ў Emerytura bez obaw з пазіцыі ўкладчыка — гэта, хутчэй, доўгатэрміновае бясплатнае крэдытаванне Prudential, а не інвестыцыя.
Адсутнасць дзяржаўнага падатку на вывад капіталу — гэта таксама падманлівы бонус, калі гаварыць пра пытанне з пазіцыі пенсійных накапленняў.
Кожны чалавек у Польшчы можа адкрыць гэтак званы індывідуальны пенсійны рахунак (IKE), вывад сродкаў з якога пасля 60 гадоў не абкладаецца падаткамі. А калі раней — то чалавек плаціць толькі падатак на прыбытак.
Папулярны спосаб інвеставання сярод рознічных інвестараў не толькі сярод фінансава пісьменных палякаў, а ва ўсім свеце — гэта інвеставанне ў шырокія індэксы (ETF) праз пенсійныя рахункі.
У такім выпадку камісійныя платы мінімальныя — да 0,22% гадавых у многіх дарагіх ETF (у параўнанні з мінімум 1,6% па праграме, якую рэкламуе Гірын). Кіраўнічыя фонды самі прымаюць рашэнні, якія каштоўныя паперы купляць, і валоданне часткай фонду азначае, па сутнасці, валоданне ўсімі каштоўнымі паперамі ў яго на балансе патроху, што балансуе рызыкі.
Для ілюстрацыі мы склалі таблічку, якая паказвае розніцу росту капіталу пры інвестыцыях у шырокія індэксы самастойна, у праграму Emerytura bez obaw і ў праграму пенсійных накапленняў ад найбольшага польскага банка PKO Bank Polski. Для разлікаў узятыя даныя сярэдняй даходнасці ETF, даходнасці па праграме «Пенсійны пакет 2050» ад PKO і даныя з дакументацыі Prudential.
«З задавальненнем дапамагу разабрацца ў прадукце, зрабіць калькуляцыю і параіць лепшы варыянт, улічваючы асаблівасці кожнага з нас. Напішыце мне — прапаную час. Мая асабістая місія, каб мы жылі годна і ў дабрабыце: і каб пільны пошук грошай у інтэрнеце быў апошнім, што мы рабілі», — піша Марына Гірын у сацсетках.
На запыт «Нашай Нівы» пра каментарый адносна асаблівасцей выплат дывідэндаў кампаніяй Prudential яна не адказала.
Чытайце таксама:
Здаецца, вызначылася самая модная пара беларускай апазіцыі. Як вам іх пачуцце стылю?