Парламент Малдовы прагаласаваў за выхад з СНД
Парламент Малдовы прыняў рашэнне выйсці з Садружнасці Незалежных Дзяржаў (СНД). Для гэтага дэпутаты прагаласавалі за скасаванне асноўных пагадненняў з гэтай арганізацыяй.
Здымак ілюстрацыйны. Фота: Artur Widak/NurPhoto via Getty Images
За адпаведныя законы аддалі галасы 60 з 101 дэпутата. Прадстаўнікі Камуністычнай і Сацыялістычнай партый выступілі супраць, заявіўшы, што такі крок можа негатыўна паўплываць на эканоміку краіны.
Цяпер прынятыя дакументы павінна падпісаць прэзідэнтка Малдовы Мая Санду. Пасля гэтага Міністэрства замежных спраў накіруе неабходныя паперы ў Выканаўчы камітэт СНД. Канчаткова выхад краіны з арганізацыі адбудзецца праз год пасля гэтага.
Улады Малдовы ўпершыню заявілі пра намер пакінуць СНД у канцы 2023 года. Раней з гэтай арганізацыі ўжо выйшлі Грузія і Украіна.