Кіраўнік Пентагона Хегсэт звольніў начальніка штаба Сухапутных войскаў ЗША
Змена начальніка штаба выглядае даволі незвычайным крокам у момант, калі ЗША разам з Ізраілем вядуць вайну супраць Ірана.
Рэндзі Джордж. Фота: Win McNamee/Getty Images
Начальнік штаба Сухапутных войскаў ЗША Рэндзі Джордж пайшоў у адстаўку, пацвердзіў Пентагон. Раней некалькі амерыканскіх СМІ, паведамілі, што сыходу Джорджа запатрабаваў міністр абароны ЗША Піт Хегсэт, піша Бі-бі-сі.
Афіцыйны прадстаўнік Мінабароны Шон Парнэл напісаў у сетцы Х, што Джордж «неадкладна пойдзе на пенсію са сваёй пасады 41‑га начальніка штаба Сухапутных войскаў».
Звычайна начальнікі штаба Арміі ЗША працуюць на працягу чатырох гадоў. Былы прэзідэнт ЗША Джо Байдэн прызначыў на яе Джорджа ў 2023 годзе.
Змена начальніка штаба выглядае даволі незвычайным крокам у момант, калі ЗША разам з Ізраілем вядуць вайну супраць Ірана — адну з найбуйнейшых ваенных аперацый амерыканскіх ваенных у апошнія гады.
61‑гадовы Джордж — кадравы афіцэр і выпускнік самай прэстыжнай амерыканскай Ваеннай акадэміі Уэст-Пойнт. Ён прымаў удзел у першай вайне ў Персідскім заліве, а таксама ў канфліктах у Іраку і Афганістане.
Аб прычынах яго сыходу афіцыйна не паведамляецца. «Мы ўдзячныя яму за службу, але прыйшоў час памяняць кіраўніцтва арміі», — сказаў CBS News неназваны прадстаўнік Пентагона.
Замест Джорджа пасаду кіраўніка штаба Арміі будзе часова займаць генерал Крыстафер Ла Ніў.
Як паведамляе CBS News, разам з Джорджам былі таксама звольнены яшчэ два высокапастаўленыя афіцэры: генерал Дэвід Ходне, які ўзначальваў армейскае Камандаванне па трансфармацыі і навучанні, а таксама генерал-маёр Уільям Грын, кіраўнік Капеланскага корпуса.
У мінулым Джордж быў памочнікам тагачаснага міністра абароны Лойда Осціна (ён займаў гэтую пасаду падчас прэзідэнцтва Байдэна).
Увосень мінулага года Джордж таксама ездзіў ва Украіну ў складзе амерыканскай ваеннай дэлегацыі на чале з міністрам сухапутных войскаў Дэнам Дрысколам, якая, згодна з паведамленнямі, абмяркоўвала мірныя перамовы з Расіяй.
Пасля прыходу Дональда Трампа ў Белы дом сваіх пасад пазбавіліся больш за 10 высокапастаўленых ваенных, у тым ліку старшыня Аб'яднанага камітэта начальнікаў штабоў генерал Чарльз Браўн, начальнік штаба ВМФ адмірал Ліза Франкеці, намеснік кіраўніка штаба ВПС генерал Джым Слайф, і начальнік ваеннай разведкі Джэфры Круз.